БЕЛ Ł РУС

Орбан лічыць, што Украіна павінна стаць «буфернай зонай»

30.11.2025 / 10:7

Nashaniva.com

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан заявіў, што адзіным магчымым рашэннем для спынення вайны з'яўляецца наданне Украіне статусу «буфернай» дзяржавы, а таксама абвінаваціў еўрапейскіх лідараў у наўмысным зацягванні канфлікту дзеля сваёй выгады. 

Фота: Thanassis Stavrakis, AP

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, які нядаўна сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у Маскве, агучыў сваё бачанне шляху да міру. Ён заявіў, што адзіным магчымым рашэннем для спынення вайны з'яўляецца наданне Украіне статусу «буфернай дзяржавы».

Орбан выступіў з прамовай, у якой заявіў пра «ваяўнічую» пазіцыю «брусельскай эліты». Ён абвінаваціў еўрапейскіх лідараў у распальванні канфлікту дзеля фінансавай выгады. Таксама венгерскі прэм'ер сцвярджае, што заходнія краіны зацікаўлены ў працягу канфлікту, бо вераць у магчымасць перамогі Украіны на полі бою.

«Еўрапейцы хочуць вайны. Не думайце, што на Захадзе думаюць гэтаксама, як мы тут. За гэтым [жаданнем вайны] стаяць грошы», — заявіў Орбан.

Ён раскрытыкаваў эвалюцыю заходняй дапамогі: ад фінансавання да паставак зброі, а цяпер, па яго словах, гучаць заявы пра магчымую адпраўку салдат, у тым ліку з боку Францыі.

Частку свайго выступу Орбан прысвяціў трансляцыі наратываў Крамля, апраўдваючы расійскую агрэсію.

Ён сказаў, што жаданне Захаду інтэграваць Украіну ў ЕС і НАТА Масква ўспрымае як пагрозу, бо гэта набліжае сучасную зброю да расійскіх межаў.

Ён сказаў, што расіяне «таксама маюць права на ўласную бяспеку» і не хочуць быць суседзямі членаў НАТА.

Венгерскі лідар перакананы, што чым даўжэй Захад марудзіць з заключэннем міру, тым больш тэрыторый і людзей страціць Украіна, і адзіным рашэннем бачыць вяртанне Украіны да статусу «буфернай дзяржавы».

Віктар Орбан 28 лістапада наведаў Маскву, дзе сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Афіцыйнай мэтай паездкі было забеспячэнне Венгрыі энерганосьбітамі на зіму, але Будапешт, як і Мінск, хоча стаць пляцоўкай для мірных перамоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула