БЕЛ Ł РУС

Беларусу не далі нелегальна ўвезці ў Польшчу акамянеласці паўмільярднага ўзросту

27.11.2025 / 21:27

Nashaniva.com

На мяжы з Польшчай праверка аўтамабіля Mercedes, які выязджаў з Беларусі, скончылася нечаканай знаходкай. Польскія мытнікі ў Тэрэспалі знайшлі пад сядзеннямі, у кішэнях дзвярэй і нават у сумцы для дакументаў цэлую калекцыю старажытных істот — трылабіты, зубы старажытных акул і акамянеласці эдыякарскай фаўны. 

Добра захаваны трылабіт

Старанна агледзеўшы аўтамабіль, супрацоўнікі мытні ўсяго налічылі 24 акамянеласці. Беларускі кіроўца нічога на мяжы не дэклараваў, сцвярджаючы, што купіў усе гэтыя рэчы ў брэсцкай краме і хацеў падараваць іх знаёмым.

Калекцыю перадалі ў Дзяржаўны геалагічны інстытут Польшчы. Эксперты вызначылі, што гэта не сувеніры, а аб’екты, якія падлягаюць ахове. Унутры набору — восем трылабітаў, адзінаццаць зубоў старажытных акул і чатыры акамянеласці эдыякарскай фаўны.

Старажытныя зубы акулы

Эдыякарскія арганізмы з’яўляюцца аднымі з найстаражытнейшых на Зямлі. Знойдзеныя ўзоры належаць да так званага ансамбля акамянеласцяў Белага мора ўзростам 558—555 мільёнаў гадоў. Яны паходзяць з тэрыторыі цяперашняй расійскай Архангельскай вобласці.

Добра захаваны трылабіт

Паводле ацэнкі спецыялістаў, кошт гэтай калекцыі перавышае 27 тысяч злотых (каля 7830 даляраў). Цяпер беларус фігуруе ў справе аб спробе кантрабанды ахоўных прыродных аб’ектаў.

Чытайце таксама:

Знойдзены пад Віцебскам бівень маманта магло прынесці туды талымі водамі

Навукоўцы знайшлі ўнікальнага дыназаўра «дзівакаватага выгляду»

У Іспаніі знайшлі фрагменты костак самага старажытнага з вядомых у Заходняй Еўропе людзей

Каментары да артыкула