У М’янме перад прыездам Лукашэнкі вызвалілі больш за 3 тысячы палітвязняў
Рада нацыянальнай абароны і бяспекі М’янмы выдала два ўказы аб памілаванні перад усенароднымі выбарамі, паведамляе Міністэрства інфармацыі краіны. Заяўленая мэта рашэнняў — забяспечыць удзел усіх грамадзян, якія маюць права галасаваць, каб ніхто не страціў магчымасць свабодна і справядліва выказаць свой голас, піша Reform.news.
Па першым указе вызвалілі 724 чалавекі, асуджаных па артыкуле 505‑A Крымінальнага кодэкса. Гэтым артыкулам у М'янме караюць за «фэйкавыя навіны» і «сеянне страху», і ён звычайна выкарыстоўваецца супраць нязгодных з уладай. Пры гэтым, калі вызваленыя парушаць закон паўторна, ім прыйдзецца адсядзець як новы тэрмін, так і рэшту старога. Другі ўказ закрануў яшчэ 2 361 асуджанага па тым жа самым артыкуле.
Усенародныя выбары ў М’янме запланаваныя на 28 снежня 2025 года.
Сёння Аляксандр Лукашэнка прыбыў у М’янму з двухдзённым афіцыйным візітам. У яго запланаваныя перамовы з выканаўцам абавязкаў прэзідэнта М’янмы і кіраўніком Рады нацыянальнай бяспекі Мін Аун Хлайнам у вузкім і пашыраным фарматах. Будзе абмяркоўвацца супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, фармацэўтыкі, харчовай бяспекі і гуманітарных праектаў, а таксама прагрэc па дамоўленасцях, дасягнутых падчас сустрэч у Мінску ў сакавіку і чэрвені 2025 года.
Па выніках візіту чакаецца падпісанне шэрагу дакументаў, у тым ліку дарожнай карты развіцця супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы на 2026—2028 гады.
Чытайце таксама:
Хутка можна будзе паехаць без візаў у М'янму
Лукашэнка сказаў, што паляціць у М'янму і Алжыр, а ў снежні сустрэнецца з амерыканцамі