Лукашэнка паскардзіўся, што сітуацыя ў Беларусі «падобная да абложанай крэпасці»
На заходніх межах АДКБ нарастаюць ваенныя рызыкі і пагрозы, а заходнія палітыкі «мэтанакіравана рыхтуюцца да вайны», заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Бішкеку на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
«Па перыметры межаў АДКБ нарастаюць ваенныя рызыкі і пагрозы, асабліва на заходнім флангу арганізацыі, дзе, здавалася б, павінна захоўвацца адэкватная і стабільная сітуацыя. Сітуацыя падобная на абложаную крэпасць, у якой сёння жыве Беларусь», — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што сукупныя выдаткі краін НАТА на абарону ў 2025 годзе складуць каля $1,6 трлн. Германія мае намер сур'ёзна павялічыць вайсковыя выдаткі. Польшча, у сваю чаргу, у 2026 годзе выдзеліць на абарону амаль $55 млрд (каля 5% ВУП) і стане лідарам НАТА па гэтым паказчыку. Колькасць яе ўзброеных сіл ужо перавысіла 200 тысяч чалавек, кажа ён. Па тэмпах росту не моцна адстаюць ад Варшавы і краіны Балтыі.
«Усё вышэйпералічанае ў сукупнасці з агрэсіўнай рыторыкай сведчыць аб тым, што заходнія палітыкі мэтанакіравана рыхтуюцца да вайны. Не мы, Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін], рыхтуемся да вайны, а па ўсіх фактах — яны», — звярнуўся суагрэсар да пачынальніка вайны супраць Украіны.