ЗША хочуць даць гарантыі Украіне ўжо пасля здзелкі
Украіна лічыць наданне Захадам гарантый бяспекі краевугольным каменем для заключэння мірнага пагаднення з Расіяй.
Джэй Дзі Вэнс, Дональд Трамп і Марка Рубіа, фота Getty Images
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа перадаў еўрапейскім саюзнікам, што Вашынгтон пагодзіцца даць Украіне якія-небудзь гарантыі бяспекі толькі пасля таго, як мірная здзелка будзе заключана. Пра гэта піша ў сераду, 26 лістапада, анлайн-выданне Politico са спасылкай на неназванага еўрапейскага дыпламата і асобу, знаёмую з зместам гэтых перамоваў.
Паводле гэтай крыніцы, такая ўмова змяшчалася ў прапановах, перададзеных ЗША Кіеву на мінулым тыдні.
Украіна лічыць наданне Захадам гарантый бяспекі краевугольным каменем для заключэння мірнага пагаднення з Расіяй, нагадвае выданне. Пры гэтым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нібыта заявіў, што «не запросіць украінскіх лідараў у Белы дом», пакуль здзелка не будзе падпісаная, гаворыцца далей у публікацыі.
Пасылы, якія зыходзяць ад адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, «з’яўляюцца шматбаковымі», вынікае з публікацыі. Так, паводле даных Politico, падчас тэлефоннай размовы з еўрапейскімі прадстаўнікамі 25 лістапада Марка Рубіа заявіў, што гарантыі бяспекі для Украіны з’яўляюцца прыярытэтам для адміністрацыі Трампа і што яны абмяркоўваюцца асобна, па-за іншымі палажэннямі мірнай здзелкі, па якіх ужо была дасягнутая згода.
ЗША хочуць хутка прыняць усе палажэнні адзіным пакетам, перадае выданне словы неназванага еўрапейскага дыпламата.
Акрамя таго, дзяржсакратар ЗША ў размове з еўрапейцамі ў агульных рысах згадаў і іншыя пытанні, звязаныя з мірным пагадненнем. Яны, па словах крыніцы, датычылі тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і замарожаных расійскіх актываў.
«Некаторыя еўрапейскія краіны баяцца, што адміністрацыя Трампа схіліць шалі ў бок Расіі», — гаворыцца ў публікацыі. «Ні слова пра правы чалавека, гуманітарнае права, міжнароднае права або прынцыпы. Гэта стварае новую архітэктуру еўрапейскай бяспекі, поўную дзірак», — цытуюць журналісты аднаго з дыпламатаў.