БЕЛ Ł РУС

Віктар Лукашэнка дамогся перамоваў з новай кіраўніцай Міжнароднага алімпійскага камітэта

26.11.2025 / 11:57

Nashaniva.com

Першыя перамовы Віктара Лукашэнкі, які ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, і кіраўніцы Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсці Ковентры, якую абралі на пасаду ў сакавіку, прайшлі па відэасувязі.

Фота: прэс-служба НАК

Згодна з паведамленнем НАК, Віктар Лукашэнка падчас размовы паскардзіўся, што беларускі спорт перажывае «адзін з самых няпростых перыядаў у гісторыі».

«Абмежаванні закранулі не толькі спартсменаў вышэйшага ўзроўню, але і юных атлетаў, якія толькі пачынаюць шлях у вялікім спорце», — сказаў Лукашэнка.

Ён выступіў за тое, што спорт «павінен заставацца па-за палітыкай», а таксама выказаў надзею на ўдзел беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах.

Паводле паведамлення НАК, прэзідэнт МАК Кірсці Ковентры заявіла, што зносіны з прэзідэнтам НАК Беларусі і яго камандай прайшлі добра, а МАК мае намер падтрымліваць беларускіх спартсменаў.

«Бакі адзначылі канструктыўны і стабільны характар дыялогу, выказаўшы намер працягваць рэгулярныя перамовы і сумесна знаходзіць рашэнні па ўсіх актуальных пытаннях», — гаворыцца ў паведамленні.

Беларускія спартсмены на дадзены момант адхіленыя ад большасці міжнародных спаборніцтваў праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. У пачатку 2025 года Віктар Лукашэнка быў зноў абраны прэзідэнтам НАК, і МАК прызнаў яго прызначэнне на гэтую пасаду.

У ліпені было паведамленне, што МАК схіляецца да таго, каб дапусціць беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула