У Варшаве прымусова знеслі палатку прыхільнікаў Пуціна і Лукашэнкі. Але больш за год яна прастаяла
У Варшаве гарадскія ўлады разабралі палатку, якая больш за год стаяла насупраць пасольства ЗША і была месцам для прарасійскай і пралукашэнкаўскай агітацыі, паведамляе Most.
Палатка насупраць пасольства ЗША ў Варшаве. Верасень 2025 года. Фота: Euroradio
Палатку паставіў у жніўні 2024 года Анджэй Закшэўскі, кіраўнік руху «Суверэнітэт польскага народа». Тут вывешвалі антыўкраінскія банеры, раздавалі ўлёткі з прапагандысцкімі тэзамі. Сам Закшэўскі падчас размовы з журналістамі заяўляў, быццам Украіну кантралююць «яўрэйскія алігархі», апраўдваў напад Расіі, называў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «бандзюком» і «наркаманам», а Лукашэнку хваліў за тое, што ён «захаваў Беларусь». У сваіх заявах ён таксама абвінавачваў польскіх палітыкаў у «кантактах з яўрэйскімі арганізацыямі».
Хоць палатка выклікала абурэнне, варшаўская мэрыя доўгі час не магла яе прыбраць: рэгістрацыя пікета грамадскім рухам фармальна гарантавала яму канстытуцыйную абарону і ўлады не мелі законных падстаў забараніць такі «сход».
Сітуацыя змянілася, калі Закшэўскі пачаў заносіць у палатку газавыя балоны. Пажарныя інспектары палічылі, што гэта стварае пагрозу бяспецы. У апошнія месяцы палатка ўжо ўспрымалася не як пікет, а як незаконная пабудова, што перашкаджае руху.
20 лістапада канструкцыю дэмантавалі пры ўдзеле паліцыі, гарадской варты і пажарнай службы. Паводле інфармацыі выдання Gazeta Wyborcza, Анджэй Закшэўскі спрабаваў супраціўляцца, таму паліцыянты выклікалі хуткую дапамогу, якая адвезла яго ў псіхіятрычную клініку.
Чытайце таксама:
Манашак-гандлярак са Свята-Елісавецінскага манастыра зноў заўважылі ў Швецыі
Нетрадыцыйныя партыі здабываюць усё большую сілу ў Еўропе, у Чэхіі такія на кожны густ
Вялікая французская медыягрупа ўстала на прарасійскія пазіцыі