Беларусам не будуць адключаць інтэрнэт пры ўездзе ў Расію — што зменіцца
Жыхары Беларусі змогуць пазбегнуць абавязковай блакіроўкі інтэрнету пры ўездзе ў Расію. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач на канферэнцыі A1 Tech Day, піша «Точка».
Ілюстрацыйны здымак. Адпраўленне ў расійскі Навазыбкаў з гомельскага аўтавакзала
Паміж Беларуссю і Расіяй толькі ў сакавіку з'явіліся камфортныя тарыфы. Аднак ужо ў кастрычніку быў уведзены сутачны бан для барацьбы з дронамі. Распаўсюджваецца ён не толькі на замежнікаў, але і на расійскіх абанентаў, якія вяртаюцца з-за мяжы.
Ткач заявіў, што ў Расіі тэстуецца новы інструмент — выкарыстанне капчы. Яна дазваляе пацвердзіць, ці з'яўляецца абанент жывым чалавекам.
Мінсувязі ўжо вядзе перагаворы з калегамі, каб па меры гатоўнасці да новай сістэмы падключалі і беларусаў.
Калі гэта адбудзецца, то пры ўездзе ў Расію нашаму грамадзяніну дастаткова будзе атрымаць СМС са спасылкай, па якой трэба перайсці.
«Там будзе, імаверна, выява з лічбамі, якую вы павінны ўвесці ад рукі», — растлумачыў Ткач.