БЕЛ Ł РУС

Падаслаць паперу ці завіснуць над унітазам? Як лепш скарыстацца грамадскім туалетам

27.11.2025 / 7:0

Ідаля Салавей

Пры наведванні грамадскага туалета мы пачынаем выдумляць складаныя схемы абароны ад мікробаў. Расказваем, што насамрэч працуе, а што — толькі самападман.

Фота: Vecteezy.com

З гэтым сутыкаўся кожны: заходзіш у кабінку грамадскай прыбіральні, а там сляды папярэдніх наведванняў і сумнеўны пах. І ўжо хочацца развярнуцца і збегчы. Але калі арганізм патрабуе, выбару няма. 

Прафесар мікрабіялогіі і гігіены Маркус Эгерт у інтэрв'ю Tagesspiegel распавёў, якія метады насамрэч ратуюць нас ад мікробаў.

Самы распаўсюджаны страх: «сяду — і падхаплю кішэчную інфекцыю». Безумоўна, рызыка напаткаць небяспечныя бактэрыі ўсё ж існуе. Напрыклад, калі незадоўга да вас туалетам карыстаўся чалавек з наравірусам і дыярэяй. Гэта вельмі каварны ўзбуджальнік: каб падхапіць інфекцыю, дастаткова нават мізэрнай колькасці віруса.

Але ёсць важная дэталь, якая дапаможа вам расслабіцца. Як адзначае эксперт, рызыка падхапіць кішэчную інфекцыю проста праз дотык скуры да сядзення мінімальная.

«Тое, што трапляе вам на сцёгны або ягадзіцы, не зробіць вас хворым. Каб захварэць, мікробы павінны трапіць вам у рот», — адзначае прафесар Эгерт. Па яго словах, галоўная небяспека — гэта не сам унітаз, а нашы ўласныя рукі, якімі мы чапаем брудныя паверхні, а потым цягнем іх да твару.

Чаму не варта высцілаць сядзенне паперай

Падчас карыстання туалетам вы можаце мінімізаваць колькасць мікробаў, якія трапляюць на вашы рукі. «Галоўнае — дакранацца як мага менш», — кажа Маркус Эгерт.

Таму стараннае высціланне сядзення туалетнай паперай мікрабіёлаг лічыць дрэннай ідэяй.

«Чым больш лішніх рухаў вы робіце ў кабінцы, тым вышэйшая імавернасць, што вы дакраняцеся да брудных паверхняў, чаго маглі б пазбегнуць», — даводзіць ён. Пакуль вы раскладваеце паперу, папраўляеце яе, калі яна спаўзае, вы актыўна збіраеце бактэрыі на свае пальцы.

Калі ідэя сесці на грамадскі ўнітаз для вас непрымальная, лепш выкарыстоўваць тактыку паўпрысяду (калі ягадзіцы навісаюць над сядзеннем). Але тут патрэбны моцныя ногі і, што важна, дакладны разлік. Бо калі ўсё паляціць міма, наступнаму наведвальніку будзе вельмі непрыемна.

Залатыя правілы гігіены

Замест таго каб мудраваць з паперай, эксперт рэкамендуе выконваць наступныя тры простыя правілы:

1. Закрывайце вечка перад змываннем! Гэта вельмі важна. Калі вы націскаеце кнопку змыву з адкрытым вечкам, у паветра ўздымаецца воблака драбнюткіх кропель з бактэрыямі і вірусамі, якія вы потым удыхаеце.

2. Не затрымлівайцеся. Чым менш часу вы праводзіце ў кабінцы, тым менш аэразоляў (тых самых кропель) вы ўдыхняце.

3. Мыйце рукі! Гэта самая банальная, але самая дзейсная парада. Мыць трэба з мылам, не спяшаючыся, не менш за 20—30 секунд, добра змываць і выціраць насуха (пажадана папяровым ручніком).

Так што менш перажывайце пра кантакт скуры з унітазам і больш увагі надавайце чысціні рук.

Чытайце таксама:

Што вядома пра наравірус, успышка якога адбылася ў Брэсце: сімптомы, заразнасць, лячэнне

Блогер здзівіўся прыбіральні ў навагрудскай стаматалогіі ВІДЭА

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?

Каментары да артыкула