У цэнтры Гродна будуюць новы квартал. Але замест сучаснай архітэктуры — звычайныя панэлькі, як у спальніках
Гараджане не ў захапленні ад з'яўлення шараговых панэлек у цэнтры.
Панэлькі ў самым цэнтры
Новы квартал будуецца ў непасрэднай блізкасці да гістарычнага цэнтра Гродна, дзе ўжо практычна няма вольнага месца для забудовы. Раней там знаходзіліся гаражы і склады.
Забудова будзе складацца з шасці шматпавярховікаў вышынёй ад 6 да 10 паверхаў, у якіх будзе 570 кватэр. Забудоўшчык — «Гроднажылбуд», які вядомы будаўніцтвам аднастайных панэлек.
8‑павярховы дом у раёне перасячэння вуліц Астроўскага і Дзяржынскага. Фота: newgrodno.by
З улікам выдатнай лакацыі кватэры былі хутка распрададзены па цэнах ад 2750 да 3000 рублёў за квадрат (каля $900—$1000).
Гэта самыя дарагія кватэры ад «Гроднажылбуда», якія сёлета былі ў продажы. У аддаленым ад цэнтра мікрараёне Грандзічы квадрат у той жа час каштаваў ад 2070 да 2550 рублёў. У Вясеннім, што знаходзіцца побач з лесапаркам «Пышкі» і Нёманам, квадрат быў па 2600—2700 рублёў.
Той факт, што ў самым цэнтры Гродна будуюць квартал з банальнымі панэлькамі, падабаецца не ўсім.
«Чарговая жылбудаўская панэлька ў колерах вясёлкі. Найміце, калі ласка, сучаснага дызайнера. Ціхі жах», —
напісаў адзін з карыстальнікаў пад допісам у акаўнце NewGrodno ў інстаграме.
8‑павярховы дом у раёне перасячэння вуліц Астроўскага і Дзяржынскага. Фота: newgrodno.by
«Праект гэтага жылля створаны ў 90‑я гады мінулага стагоддзя!!! Такія дамы ў спальных раёнах выглядаюць жахлівенька. Для цэнтра горада можна і больш сучаснае будаваць жыллё», — дадае іншы.
«І гэтым забудоўваюць цэнтр горада… Божа, схадзіце ў госці да забудоўшчыка, які ўзвёў дом на Цітова, 14. Паглядзіце, як можна будаваць», — абураецца яшчэ адзін каментатар.
Дом на вуліцы Цітова, 14. Фота: Kufar.by
Дом на Цітова, 14 — сучасны сяміпавярховы маналітны дом на 56 кватэр. Вясной 2020 года на этапе будаўніцтва квадрат у ім прадаваўся за $980—$990. Такая цана была амаль у два разы вышэйшая за метр у шараговых новабудоўлях. Тым не менш усе кватэры, уключаючы шэсць шыкоўных двухпавярховых пентхаусаў, былі распрададзены яшчэ да завяршэння будаўніцтва.
Цяпер у гэтым доме нехта прадае кватэру без рамонту за $129 тысяч, што складае $1585 за метр.
Дом на вуліцы Цітова, 14. Фота: onliner.by
Але калі ў выпадку з домам на Цітова размова ідзе пра элітную нерухомасць у цэнтры, то новы квартал — гэта панэлькі, якія асабліва нічым не адрозніваюцца ад тых, што ўзводзіць «Гроднажылбуд» на ўскранах горада.
«Людзі ва ўладзе жывуць згодна з савецкімі стандартамі»
Гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Ян Супрон, які шмат гадоў змагаецца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна, называе такую забудову ў цэнтры жахлівай.
8‑павярховы дом у раёне перасячэння вуліц Астроўскага і Дзяржынскага. Фота: newgrodno.by
«Людзі ва ўладзе жывуць згодна з савецкімі стандартамі. Кожнае савецкае пакаленне нешта сапсавала ў горадзе. Былі хрушчоўкі, потым брэжнеўкі… І калі ў краінах Усходняй Еўропы пасля развалу СССР перайшлі да будаўніцтва ў еўрапейскім стылі і панэлькі перасталі быць моднымі, то ў Беларусі захавалася савецкая традыцыя будаўніцтва.
Цяпер, калі непадалёк ад цэнтра будуюць панэльныя дзесяціпавярховікі і пішуць, што гэта будзе жыллё з вынясеннем аўтамабіляў за межы квартала, то мне проста незразумела, як можна будаваць сучаснае жыллё без падземнага паркінгу».
Візуалізацыя новага раёна. Фота: Гроднажылбуд
Краязнаўца кажа, што ў цэнтры мала месца, зямля даражэйшая, таму ў цэнтральнай частцы гарадоў звычайна будуюць больш дарагое жыллё. А ў нашым выпадку ўзводзяць шараговыя высоткі без магчымасці нармальна запаркаваць машыну.
Гісторык абураецца аднатыпнымі шматпавярховікамі, якія ўзводзіць у цэнтры горада «Жылбуд».
«Ранейшыя краявіды сапсаваныя. Глядзіш на гістарычны цэнтр і бачыш, як з-за касцёлаў паўсюль тырчаць тыя свечкі. У мясцовых уладаў няма ніякай канцэпцыі і ніякага разумення, як трэба забудоўваць прастору побач з цэнтрам», — адзначае Супрон.
Адной з прычын, чаму ў тым ліку архітэктары не прыдумляюць нічога цікавага, гісторык называе навучанне па савецкіх стандартах.
Жылыя дамы ў аддаленым ад цэнтра мікрараёне Грандзічы. Фота: Яндэкс Панарамы
«Архітэктары вучацца па савецкіх падручніках, яны захраслі ў той эпосе, таму і будуюць адпаведна. У Мінску сітуацыя крыху лепшая, а тое, што цяпер будуюць у абласных гарадах, гэта архітэктура 1980-х».
Суразмоўца адзначае, што цяпер у Еўропе існуе трэнд на будаўніцтва трох-пяціпавярховых дамоў з падземным паркінгам і зялёнымі зонамі.
Прыклад сучаснай забудовы ў цэнтральнай частцы Вільні. Раён Paupys. Фота: «Наша Ніва»
У Беларусі ж амаль паўсюль будуюць тыповыя шматпавярховыя дамы, і адной з праблем Гродна можна назваць, што такія спальныя кварталы ўсё бліжэй падбіраюцца да цэнтра горада.