Чаму літоўскія фуры дагэтуль не выпускаюць з Беларусі
Літва датэрмінова адкрыла мяжу з Беларуссю 20 лістапада, але, нягледзячы на гэта, літоўскія фуры, якія захраслі раней, так і не пачалі выязджаць з Беларусі. У чым праблема?
Ілюстрацыйны здымак: «Наша Ніва»
Лагіст расказаў «Нашай Ніве», што адна буйная літоўская лагістычная кампанія цалкам аплаціла знаходжанне сваіх фур і паўпрычэпаў на платных паркоўках, але гэта не дапамагло ім — транспарт не выпусцілі ў Літву.
Пры гэтым ніякіх законных афіцыйных тлумачэнняў, чаму грузавікі не могуць ехаць, няма.
Асноўная версія, якую абмяркоўваюць кіраўнікі лагістычных кампаній, што Беларусь чакае, пакуль Літва пагодзіцца на правядзенне дыялогу з ёй на больш высокім узроўні.
«Буйныя літоўскія транспартнікі нібыта ў кантакце з урадам і патрабуюць ад яго, каб яны пайшлі на дыялог, а тыя супраціўляюцца. Размова ідзе пра тое, што беларускі бок хоча кантактаў на высокім узроўні, каб абмеркаваць праблемы і мець гарантыі ад Літвы, што сітуацыя з раптоўным закрыццём мяжы не будзе паўтарацца», — кажа лагіст.
Таксама расказваюць, што на выходных на паркоўкі да кіроўцаў прыязджалі мясцовыя чыноўнікі. Тыя чыноўнікі нібыта паведамілі, што калі нічога не зменіцца, то фуры пачнуць выпускаць з Беларусі толькі з 1 снежня.
Чытайце таксама:
Літоўскія фуры праз мяжу ўсё яшчэ не едуць
Лукашэнка: Жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй