БЕЛ Ł РУС

Рубіа пакінуў Жэневу, заявіўшы пра значны прагрэс у перамовах з Украінай

24.11.2025 / 8:12

Nashaniva.com

Дзяржсакратар заявіў, што на перамовах аб прапанаваным ЗША плане па спыненні вайны Расіі супраць Украіны дасягнуты значны прагрэс. З’явіўся абноўлены і дапрацаваны рамачны дакумент аб міры. Перамовы будуць працягнуты на гэтым тыдні.

Андрэй Ярмак і Марка Рубіа. Фота: Beyza Binnur Dönmez/Anadolu via Getty Images

Рубіа дапусціў, што яны могуць не завяршыцца да абазначанага прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам тэрміну ў чацвер, піша Бі-бі-сі 

Рубіа пакінуў Жэневу і вяртаецца ў Вашынгтон пасля сустрэч на высокім узроўні, прысвечаных мірнаму плану для Украіны, паведамляе CNN са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША. «Яшчэ трэба зрабіць пэўную працу», — заявіў ён пасля сустрэчы з украінскімі і еўрапейскімі перамоўшчыкамі.

Дзяржсакратар даў зразумець, што абмеркаванні на тэхнічным узроўні працягнуцца, выказаўшы аптымізм адносна таго, што «мы дасягнём мэты ў вельмі разумныя тэрміны, вельмі хутка».

Няясна, ці пакінулі Жэневу іншыя службовыя асобы ЗША, хоць раней Рубіа заяўляў, што ў амерыканскага боку «ёсць спецыялісты самага рознага ўзроўню, якія працуюць над гэтым на пастаяннай аснове і цалкам уцягнутыя ў гэта», адзначае CNN.

Па заканчэнні перамоваў у Жэневе ў нядзелю Рубіа абвясціў пра вялікі прагрэс у іх. «Мы дабіліся значнага прагрэсу і рухаемся да справядлівага і трывалага міру», — сказаў ён. Паводле яго слоў, гэтыя перамовы, верагодна, былі лепшымі з усіх, што ЗША вялі з Украінай з моманту вяртання Трампа да ўлады.

Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў у тэлеграме: «Хачу пацвердзіць: мы правялі вельмі прадуктыўную першую сустрэчу з паважанай амерыканскай дэлегацыяй. Дасягнулі вельмі добрага прагрэсу і рухаемся наперад да справядлівага і працяглага міру».

Па выніках перамоў бакі прынялі сумесную заяву. У ёй сказана, што ў Жэневе прадстаўнікі ЗША і Украіны падрыхтавалі «абноўлены і дапрацаваны рамачны дакумент аб міры».

Гэтая канцэпцыя, відаць, з’яўляецца мадыфікацыяй плана, распрацаванага адміністрацыяй Трампа, які Кіеў і яго саюзнікі палічылі занадта выгадным для Масквы, каментуе Reuters. Ніякай канкрэтыкі адносна 28 пунктаў мірнага плана, якія прадугледжваюць, у тым ліку, тэрытарыяльныя ўступкі і абмежаванні для ўкраінскай арміі, сумесная заява не змяшчае. Украінская дэлегацыя ў заяве падзякавала Трампу за «нястомныя намаганні», накіраваныя на завяршэнне вайны. Бакі дамовіліся працягнуць «працу над агульнымі прапановамі» «ў найбліжэйшыя дні», падтрымліваючы пры гэтым кантакт з еўрапейскімі партнёрамі.

Белы дом выпусціў таксама асобную заяву, у якой паведаміў, што абноўленая версія мірнага плану ўключае ўзмацненне гарантый бяспекі для Украіны, піша Reuters.

Як сказана ў заяве Белага дома, украінскі бок лічыць, што бягучы праект мірнага плана ўжо «адлюстроўвае інтарэсы нацыянальнай бяспекі» — пасля таго, як у яго былі ўнесеныя «дапаўненні і ўдакладненні».

Ключавыя пытанні, якія выклікалі занепакоенасць Украіны, былі «ўважліва разгледжаныя», «сённяшні дзень азнаменаваў сабой значны крок наперад», сцвярджаюць у Белым доме. Кіеў гэта не каментаваў.

«Украінская дэлегацыя пацвердзіла, што ўсе яе асноўныя пытанні — гарантыі бяспекі, доўгатэрміновае эканамічнае развіццё, абарона інфраструктуры, свабода суднаходства і палітычны суверэнітэт — былі ўважліва разгледжаныя падчас сустрэчы», — гаворыцца ў заяве.

Рубіа сказаў журналістам, што яшчэ трэба прапрацаваць шэраг пытанняў, уключаючы ролю НАТА, але пры гэтым яго каманда звузіла кола нявырашаных праблем, што датычаць мірнага плану з 28 пунктаў, які прасоўваецца прэзідэнтам Трампам.

Дзяржсакратар ЗША выказаў надзею, што пагадненне будзе дасягнутае да чацвярга, але дапусціў, што гэта можа заняць і больш часу. Трамп называў чацвер крайнім тэрмінам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула