БЕЛ Ł РУС

У Мінску прадаюць кватэру з басейнам. Што?

23.11.2025 / 19:43

Nashaniva.com

Унутры кватэры — уласны спа-комплекс. Каштуюць апартаменты амаль 2 мільёны даляраў.

У Мінску прадаецца трохпавярховая кватэра, па сваім памеры і напаўненні больш падобная да загараднага катэджа, піша «Анлайнер».

Жыллё хаваецца ў клубным доме на вуліцы Румянцава. Закрытая тэрыторыя, відэаназіранне, кансьерж… У будынку — усяго чатыры кватэры.

Плошча кватэры — 362 «квадраты». Вышыня столяў — больш за 3 метры.

Галоўная асаблівасць — уласны спа-комплекс проста ўнутры кватэры. Ён складаецца з паўнавартаснага басейна, некалькіх саўнаў з душавой і асобнай зонай адпачынку. Усё гэта знаходзіцца на цокальным узроўні.

Жылая частка ўладкаваная як у вялікім доме: майстар-спальня з уласным санвузлом і гардэробным пакоем, тры дадатковыя спальні для сям'і ці гасцей, прасторная гасцёўня з камінам. Дровы стаяць стосамі да столі — і гэта таксама частка інтэр'еру.

Кухня-сталовая разлічаная на вялікую кампанію — тут стаіць стол на дванаццаць персон.

Інтэр'ер выкананы ў класічным стылі, але састарэлым не выглядае. У аздабленні — натуральны мармур, паркет. Абстаўленая кватэра італьянскай мэбляй. Убудаваны ў сцяну акварыум працуе як светлавы акцэнт.

У кватэры ўсталяваная сістэма «разумны дом», кандыцыянеры, хатні кінатэатр. З яе можна трапіць на тэрасу і ўласны закрыты дворык.

Каштуе такая нерухомасць нясціплыя $1 850 000.

Чытайце таксама:

Тут жыла савецкая эліта. У Мінску прадаецца рэдкая кватэра за $720 000

Сярэдні кошт квадратнага метра ў Мінску перавысіў 1800 даляраў

У Мінску купілі кватэру за паўмільёна даляраў

Каментары да артыкула