«Вільскі казаў мне: «Тое, што ты «певень», наносіць партыі страты» — экс-палітвязень Спарыш
Паводле словаў паплечніка Статкевіча, цяперашні кіраўнік «Народнай Грамады» апусціўся настолькі, што выкарыстоўвае міліцэйска-крымінальныя паняцці.
Сяргей Спарыш. Фота: Радыё Свабода
Адміністрацыі беларускіх калоній арганізоўваюць правакацыі і прымушаюць некаторых палітвязняў пераходзіць у «нізкі статус», які звычайна маюць у зняволенні людзі, асуджаныя за сексуальныя злачынствы. Гэта робіцца, каб зрабіць жыццё палітвязняў невыносным.
Сяргей Спарыш, вызвалены і дэпартаваны 11 верасня 2025 года паплечнік Міколы Статкевіча, кажа, што яго шантажавалі — ці пагаджацца на пераход у «нізкі статус», ці атрымаць дадатковы тэрмін. Ён абраў першы варыянт.
Пасля вызвалення Спарыш вярнуўся ў кіраўніцтва «Народнай Грамады», аднак цяпер у партыі адбываюцца разборкі ў змаганні за ўладу.
Чытайце: У «Народнай Грамадзе» разборкі — у Спарыша забралі пасаду генеральнага сакратара, ён не згодны
Яўген Вільскі. Фота «Радыё Рацыя»
Паводле словаў Спарыша, кіраўнік партыі Яўген Вільскі выкарыстоўвае гісторыю пра «нізкі статус» у палітычнай барацьбе. Спарыш расказаў падрабязнасці BGMedia:
«Вільскі выкарыстоўваў розныя метады, у тым ліку шантажуючы мяне так званай «пеўневай» тэмай. Гэта выкарыстоўвалася сацыял-дэмакратычнай партыяй для ціску і шантажу. Можаце сабе ўявіць? Напрыклад, намеснік Статкевіча Валянцін Троцкі, які цяпер ваюе, выступіў у маю абарону на Радзе — дык Вільскі адразу напісаў яму:
«Як ты можаш падтрымліваць Спарыша, ён жа «апушчаны».
«Мне Вільскі казаў неаднаразова: «Ні ў якім выпадку нічога не кажы пра Статкевіча, бо ў яго праз гэта ўзнікнуць праблемы.
Тое, што ты «певень», наносіць партыі шкоду».
Мне падаецца, што пасля такога еўрапейскія сацыял-дэмакраты не павінны падаваць яму рукі. Тут жа так абараняюць ЛГБТ! А потым адбываецца такое…»
Вільскі не стаў каментаваць сітуацыю BGMedia, паабяцаў апублікаваць афіцыйны адказ на партыйных каналах.
***
Сяргей Спарыш па прафесіі музыкант, працаваў зваршчыкам. Далучыўся да Статкевіча ў 2017-м. Перад тым ён кароткі перыяд уваходзіў у пралукашэнкаўскую Камуністычную партыю.
Яўген Вільскі — былы полацкі афганец, выхадзец з «Гавары праўду». Быў у «Народнай Грамадзе» на другасных ролях, але ў эміграцыі ўзначаліў арганізацыю пасля арышту ўсяго кіраўніцтва. Ужо некалькі гадоў Вільскі спрабуе сфарміраваць рух з апанентаў Святланы Ціханоўскай.