У ГУР падзякавалі амерыканцам за вызваленне зняволеных украінцаў і адзначылі «канструктыўную пазіцыю кіраўніцтва Беларусі»
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў падзякаваў усім датычным да вяртання 31 украінца з Беларусі і запэўніў, што праца па вызваленні ўкраінскіх грамадзян з палону будзе працягвацца, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
Вызваленыя ўкраінцы выходзяць з аўтобуса. Фота: Суспільне
«Хацеў бы асобна падкрэсліць і аддзячыць вядучую ролю Злучаных Штатаў Амерыкі і прэзідэнта Дональда Трампа. Адзначыць варта асобна канструктыўную пазіцыю кіраўніцтва Беларусі, бо нашы грамадзяне сёння дома, жывыя і ім аказваецца дапамога», — сказаў Андрэй Юсаў у эфіры тэлемарафона 22 лістапада.
Асобна ён падзякаваў
«спецпасланніку ЗША ў Беларусі Джону Коўлу, намесніку памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы Крыстаферу Сміту за працу па вяртанні вайскоўцаў і цывільных украінцаў з тэрыторыі Беларусі, і — што важна — з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: гэтая праца будзе прадаўжацца».
«Мы, безумоўна, не завяршаем гэты кейс, таму што нам трэба вяртаць сваіх», — растлумачыў ён.
Паводле інфармацыі Андрэя Юсава, вызваленыя ўкраінцы ўтрымліваліся ў Беларусі ў розных умовах, частцы з іх пагражалі працяглыя тэрміны зняволення.
«Пераважна гэта людзі, якія ўтрымліваліся за праўкраінскую пазіцыю, абвінавачваліся ў дапамозе і садзейнічанні Украіне», — сказаў ён.
Сярод вызваленых ёсць жыхары часова акупаваных тэрыторый, цяжкахворыя, у прыватнасці на анкалогію.
Пра памілаванне Аляксандрам Лукашэнкам і вызваленне з беларускіх турмаў 31 зняволенага грамадзяніна Украіны стала вядома сёння, 22 лістапада. Гэта жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прысуджаныя да розных тэрмінаў зняволення — ад 2 да 11 гадоў. Узрост самай маладой вызваленай украінкі — 18 гадоў, найстарэйшаму — 58 гадоў.
Персанальна пакуль дакладна вядома толькі пра вызваленне 18‑гадовай Марыі Місюк.
Чытайце таксама:
«Мама, я дома!» — «Як дома?!» Адна з вызваленых украінак — дзяўчына Юлія ВІДЭА
Вызваленых з няволі ўкраінцаў сустракаў асабіста Кірыла Буданаў ВІДЭА
Вызваленая 18‑гадовая палітзняволеная Марыя Місюк