БЕЛ Ł РУС

Трамп прызначыў новага спецпрадстаўніка па Украіне

22.11.2025 / 12:57

Nashaniva.com

Міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал стаў новым спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Дональда Трампа па ўкраінскім урэгуляванні, паведамляюць крыніцы The Guardian.

Фота: Photo by Cheriss May / Getty Images

Паводле іх слоў, група амерыканскіх генералаў прыляціць у Маскву ў канцы наступнага тыдня, каб абмеркаваць «мірны план» з Крамлём.

Дрыскал — сябар і былы аднакласнік віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса. У Белым доме характарызуюць яго як аднаго з самых эфектыўных членаў каманды Трампа.

20 лістапада дэлегацыя высокапастаўленых ваенных чыноўнікаў ЗША на чале з Дрысколам правяла перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Кіеве. Пасля той заявіў пра гатоўнасць абмяркоўваць «мірны план» Трампа.

Таксама дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі Еўропы. Амерыканцы заявілі, што іх план «амаль не падлягае абмеркаванню», і Украіне давядзецца заключыць здзелку, бо яна знаходзіцца ў «вельмі дрэнным становішчы». У сваю чаргу Дрыскал папярэдзіў, што «Вашынгтон праявіць мінімум гнуткасці». Адзін з высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў назваў тон сустрэчы «мярзотным».

Паводле яго слоў, Дрыскал ужываў шмат ненарматыўнай лексікі, настойваючы, што «трэба скончыць з гэтым лайном», і абмеркаванне хутка зайшло ў тупік. Генерал, ідучы за ўказаннем Трампа, патрабуе, каб Зяленскі падпісаў пагадненне да 27 лістапада, калі ў ЗША будуць адзначаць Дзень падзякі.

З сакавіка 2025 года спецпрадстаўніком па Украіне з'яўляецца Кіт Келаг, яго паўнамоцтвы скончацца ў студзені.

Чытайце таксама:

Ключавы абаронца Украіны генерал Келаг можа пайсці ў адстаўку

Каментары да артыкула