За двое сутак у Літве перахапілі 10 кантрабандных шароў і затрымалі восем падазраваных
За двое сутак літоўскія памежнікі перахапілі 10 кантрабандных балонаў з 12,3 тыс. пачак беларускіх цыгарэт.
Фота: VSAT
«За двое сутак затрыманыя восем чалавек. 6 былі затрыманыя ў адзін дзень, астатнія — у другі дзень. 6 затрыманых асоб суд дазволіў арыштаваць на месяц, адносна астатніх двух арышту яшчэ будзе вырашацца», — сказаў у суботу дарадца Дзяржаўнай памежнай службы Літвы (VSAT) Гедрыс Мішуціс, паведамляе LRT.
Падазраваныя былі затрыманыя ў Віленскім, Варэнскім, Расейняйскім і Кедайняйскім раёнах. Да паветраных балонаў, як звычайна ў такіх выпадках, была прымацаваная GPS-прылада.
Па даных VSAT, сёлета ўсяго было затрымана 115 асоб, якія падазраюцца ў дачыненні да кантрабанды з выкарыстаннем паветранага шляху.
«Усяго сёлета памежнікі затрымалі больш за 1 мільён 340 тыс. пакетаў, якія з Беларусі былі дастаўлены паветрам. У гэтую статыстыку ўваходзяць і грузы з дронаў, але, вядома, большасць — гэта грузы з паветраных балонаў», — сказаў Гедрыс Мішуціс.
У мінулым годзе паветраным шляхам было перахоплена 604 тыс. пакетаў кантрабандных цыгарэт і затрымана 46 падазраваных — сёлета гэтыя статыстычныя даныя больш чым у два разы большыя.