БЕЛ Ł РУС

На паперы высаджана 400 кустоў, на месцы — ніводнага. Сілавікі ўзяліся за азеляненне ў гарадах

24.11.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Чыноўнікі пішуць прыгожыя справаздачы пра тысячы высаджаных новых дрэў, але беларускія гарады чамусьці не становяцца больш зялёнымі. Пракурорскія праверкі выявілі, што колькасць дрэў і кустоў спраўна расце выключна на паперы.

Высадка дрэваў на суботніку ў Магілёве. Фота: Магілёўскі гарвыканкам

Самыя яскравыя прыклады «віртуальнага» азелянення знайшліся ў Магілёве. Супрацоўнікі камунальнай гаспадаркі паведамілі, што ля дома №8 на вуліцы Крывуліна высаджаныя ажно 79 туй. Вечназялёнае дрэва магло б стаць упрыгожаннем двара. Аднак праверка выявіла ўсяго 10 раслін гэтага віду ў азначаным месцы. Куды падзеліся яшчэ 69 туй — пытанне рытарычнае.

Яшчэ цікавейшая сітуацыя склалася на кальцы вуліц Каштанавай і Крупскай. Паводле дакументаў, тут павінна была расці густая жывая агароджа з біручыны — больш за 200 кустоў. Пракуроры разам са спецыялістамі абышлі кольцы з усіх бакоў, але не знайшлі ніводнай расліны. Калі ў камунальнікаў папрасілі паказаць пальцам, дзе ж тыя кусты, ім не было што адказаць — жывая агароджа існавала выключна на паперы.

Не лепш сітуацыя і на праспекце Шміта. Там па дакументах цягам двух гадоў высадзілі 600 дрэў. Але без належнага догляду саджанцы папросту загінулі ў бур’яне ростам з чалавека. Толькі пасля ўмяшання пракуратуры тэрыторыю пакасілі, а замест сухіх дубцоў пасадзілі новыя дрэвы.

Праблема тычыцца не толькі Магілёва. Маштабная праверка Генпракуратуры паказала, што сітуацыя з азеляненнем па краіне далёкая ад ідэалу.

За апошнія дзевяць гадоў мясцовыя выканаўчыя камітэты так і не забяспечылі распрацоўку і зацвярджэнне схем азелянення для 57 гарадоў краіны. Без гэтых дакументаў нельга планамерна ствараць паркі, скверы і абнаўляць зялёныя зоны.

Не нашмат лепшая сітуацыя і там, дзе схемы ёсць: у 65 з 112 гарадоў і пасёлкаў не выконваюцца нават мінімальныя нормы па плошчы грамадскіх азелянёных тэрыторый.

У Пінску, Віцебску, Слоніме, Барысаве, Ашмянах, Жыткавічах і шэрагу іншых гарадоў паказчыкі азелянення аказаліся ўдвая ніжэйшыя за неабходныя.

Асноўная прэтэнзія пракурораў — фармальны падыход. Часта дрэвы гінуць проста таму, што іх ніхто не даглядае. Планы па пасадках зрываюцца, а высечаныя дрэвы не кампенсуюцца новымі.

Прыкладаў безгаспадарчасці хапае па ўсёй краіне. У Калінкавічах яшчэ ў пачатку года высеклі частку сквера, але аднаўляць яго ніхто не спяшаецца. У Краснапольскім раёне замест амаль 600 запланаваных дрэў высадзілі толькі 220. У Лёзненскім раёне «забыліся» высадзіць 40 дрэў на тэрыторыі воінскага пахавання.

Па выніках праверкі Генпракуратура праінфармавала Савет Міністраў пра рэальны стан спраў. У Магілёве кіраўнік камунальнага прадпрыемства ўжо атрымаў афіцыйнае патрабаванне ліквідаваць парушэнні. Цяпер адказным асобам давядзецца заняцца работай над памылкамі і нарэшце высадзіць тыя дрэвы і кусты, якія дагэтуль існавалі толькі на паперы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула