БЕЛ Ł РУС

Ці ахвяраваць сваімі кроўнымі для праекта культурнага адпачынку па-салехардску? Пра туркомплекс у Красках

20.11.2025 / 21:21

Nashaniva.com

Убачыў публікацыю Нацыянальнага агенцтва па турызме наконт турыстычнага комплексу ў Красках. Рассыпаюцца ў кампліментах да ўласніка Вадзіма Генадзевіча Селіхава, заклікаюць ехаць падтрымаць рублём, там смачна і цёпла! А я нават калі б быў у Беларусі, не змог бы да сядзібы Вадзіма Генадзевіча падысці, бо ў свой мінулы візіт у нас адбылася вельмі красамоўная размова. Прашу аматараў падарожжаў, турыстыкі, культуры і гісторыі прачытаць гэты пост да канца, піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку грамадскі актывіст і былы дырэктар установы «Маёнтак Падароск» у Ваўкавыскім раёне Юрась Меляшкевіч. 

Сядзіба Краскі ў Ваўкавыскім раёне. Фота: facebook.com/nat.belarustourism

Такім чынам, пазнаёміліся мы з Вадзімам Генадзевічам у пачатку 2021 года, калі я яшчэ толькі прыступіў да выканання сваіх службовых абавязкаў як дырэктар «Маёнтка Падароск». Па-суседску заехаў да ўласніка, каб прадставіцца і абмеркаваць актуальныя пытанні.

Сярод такіх важна было пагаварыць пра канцэпцыю рэстаўрацыі і рэканструкцыі палаца, якую культурную місію будзе выконваць праект, якую эканамічную мадэль можна рэалізаваць на падставе канцэпцыі. Самі мы былі ў працэсе фармавання такой візіі, інтэлектуальна штурмавалі задачу канцэпцыі па Падароску. Дзякуй папярэднікам, было на што абапірацца і што вывучаць.

Пры тым, што я быў даволі моцна пагружаны ў тэму канцэпцыі і рыхтаваўся пачуць адну з тых, якія ўжо прыходзілі нам на розум, я недаацаніў Вадзіма Генадзевіча. Чалавек ён прамы і адразу выклаў сваю візію і задачу максімум.

Паколькі асяроддзе палаца Красак вельмі ізаляванае — з аднога боку адрэзанае ад вёскі Краскі рэчышчам Зэльвянкі, а з іншага боку прыкрытае высокай надпойменнай тэрасай, з двух іншых бакоў тэрыторыя топкая і непраходная, то гэта ідэальнае месца, каб запрашаць на сабантуі чыноўнікаў і генералаў, дзе яны могуць не баяцца на карачках абрыганыя поўзаць, бо ніхто іх не пабачыць. Сапраўды нечаканая і экзатычная ідэя канцэпцыі для праекта, які ажыццяўляецца на гісторычна-культурнай каштоўнасці.

Больш нічога вартага ў размове не прагучала, і мы рассталіся. Я яшчэ заязджаў да Вадзіма Генадзевіча з некаторай рэгулярнасцю, каб прыглядацца да таго, як вядуцца работы, якія праектныя рашэнні прымаюцца, якія матэрыялы і тэхналогіі выкарыстоўваюцца, як праходзяцца працэдуры і ўзгадненні. Але кожны раз аказвалася, што частка гэтых слоў для Вадзіма Генадзевіча малазразумелыя і нават адказныя спецыялісты, якія працавалі са сваім заказчыкам, не змаглі яму растлумачыць, для чаго існуюць пэўныя нарматывы.

Ну і вось даходзім да фінальнай часткі аповеда. Бо мінулы раз мы бачыліся з Вадзімам Генадзевічам Селіхавым летам 2023 года, калі пасля амаль 6 месяцаў зняволення я выйшаў з гродзенскага СІЗА. Ва Украіне скончыліся азвярэлыя штурмы Бахмута, атмасфера была вельмі напружанай, а я яшчэ заставаўся пад следствам, захоўвалася няпэўнасць майго статусу. Але, нягледзячы на гэта, я вырашыў заехаць, каб пабачыць як далёка прасунуліся працэсы ў Красках.

І сапраўды працэсы зайшлі вельмі далёка. Калі мяне ўбачыў уласнік, то адразу ж заявіў, што ён падтрымлівае ўлады, Пуціна, што я «хачу как в Украіне», сказаў, што я «враг» і што ён забараняе мне знаходзіцца на яго тэрыторыі. Усё што я мог, гэта нагадаць яму, што ён знаходзіцца ў Беларусі, а не ва Украіне, і што тут была і будзе Беларусь. На гэтым мы і развіталіся.

Не ведаю, што думаюць чыноўнікі з Нацыянальнага агенцтва па турызме, ці гатовыя яны далучыцца да чарады п'яных і абрыганых асобаў, якіх калісьці сабе накрэатывіў ураджэнец сонечнага Салехарда, але думаю што любы прыстойны беларускі афіцэр ці дзяржаўны служачы ніколі не дазволіць сабе прыняць прапанову па такім культурным адпачынку. Усё ж у нас беларусаў і ў Беларусі ёсць павага да чалавечай годнасці і гонар за тое, кім мы ёсць.

Цяпер хацеў бы звярнуцца да беларусаў, якія любяць сваю зямлю, атрымліваюць асалоду ад сустрэчы са скарбамі нашай нацыянальнай спадчыны. Ці ахвяраваць Вам сваімі кроўнымі грашыма для праекта культурнага адпачынку па-салехардску, я не магу Вам указваць, але я дакладна не змагу і нават пры магчымасці не буду.

Але памятайце, што ёсць вельмі класныя аб'екты, якія адроджаныя і ці знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі і якім вельмі трэба Вашая дапамога і грошы!

І я гавару не толькі пра раскручаныя Ружанскі і Косаўскі палацы, гэта кажу і пра музейны комплекс Напалеона Орды ў Варацэвічах, і пра рэстаўраваны палац Наркевіча-Ёдкі ў Наднёмне, куды лепш скіраваць свае стопы і не станавіцца на склізкія сцежкі вакол краскаўскага палаца.

Чытайце таксама:

Адноўленая сядзіба ў Ваўкавыскім раёне стала інстаграм-трэндам

Андрэй Курэйчык зняў фільм у маляўнічай сядзібе ў Красках, а на ролю ўзяў самога амбасадара Францыі 

Уладальнік маёнтка ў Красках: Хайтэкаў тут не будзе, хачу аднавіць усё, як было пры панах…

Уладальнік «Маёнтка Падароск» лічыць незаконным аўкцыён па продажы сядзібы. Ён накіраваў прэтэнзію ў райвыканкам

Адабраную ў мецэната сядзібу ў Падароску выставілі на аўкцыён за 710 тысяч даляраў

«Хутчэй буду назіраць гэта ўсё здалёк». Юрый Меляшкевіч расказаў, з чаго смяяліся ў СІЗА і чаму не пойдзе ў палітыку

Каментары да артыкула