БЕЛ Ł РУС

«Сын Гітлера», «мярзотнік» і «нацыст» — Бразілія абураная канцлерам Германіі

20.11.2025 / 15:14

Nashaniva.com

«Бразілія ўдзячная за ваша адбыццё».

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo / Ebrahim Noroozi

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц выклікаў абурэнне ў Бразіліі сваімі пагардлівымі словамі пра горад Белен, дзе праходзіла Сусветная кліматычная канферэнцыя.

На кангрэсе ў Германіі Мерц сказаў: «Мы жывём у адной з самых прыгожых краін свету. Я спытаў некалькіх журналістаў, якія былі са мной у Бразіліі на мінулым тыдні: хто з вас хацеў бы тут застацца? Ніхто не падняў руку. Усе былі рады, што мы вярнуліся ў Германію».

Прэзідэнт Бразіліі Лула да Сілва адразу адрэагаваў на гэтыя словы, заявіўшы, што канцлер павінен быў у Белене «зайсці ў бар, патанцаваць і паспрабаваць мясцовую кухню» — тады «ён зразумеў бы, што Берлін не можа прапанаваць яму і дзесяці працэнтаў той якасці, якую дае штат Пара і горад Белен», піша BILD.

Яшчэ больш рэзка адрэагаваў мэр Рыа-дэ-Жанэйра Эдуарда Паэс: у X ён назваў Мерца «сынам Гітлера», «мярзотнікам» і «нацыстам». У хуткім часе ён выдаліў гэты пост і напісаў замест яго: «Гэта быў мой спосаб сёння выпусціць пару. Заставайцеся спакойнымі ў МЗС. Няхай жыве сяброўства паміж Бразіліяй і Германіяй».

На Мерца ў інстаграме таксама абрынулася шмат каментароў ад бразільцаў. Там напісалі, напрыклад: «Бразілія ўдзячная за ваша адбыццё. Выдатна, што вы зноў дома — лепш заставайцеся там, мы па вас дакладна не будзем сумаваць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула