БЕЛ Ł РУС

У Вільні адкрыюць інфармацыйны цэнтр для грамадзян Беларусі

20.11.2025 / 13:29

Nashaniva.com

Ён будзе размешчаны ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Сейм Літвы

Сейм у чацвер ратыфікаваў пагадненне аб супрацоўніцтве пры стварэнні ў Вільні інфармацыйнага пункта Рады Еўропы (РЕ) для жыхароў Беларусі. За закон, які гэта прадугледжвае, аднагалосна прагаласавалі 96 членаў Сейма, паведамляе LRT.

У пункце беларусам будзе прапануюць інфармацыю аб працы і каштоўнасцях РЕ, а таксама аб мерапрыемствах, што ладзяцца ў Літве для падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

«Беларусь не з’яўляецца членам Рады Еўропы, РЕ не мае прадстаўніцтва або кантактнага офіса ў Беларусі, а супрацоўніцтва, якое раней існавала, было спынена з-за ўдзелу гэтай краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Аднак Камітэт міністраў РЕ, улічваючы ролю Рады Еўропы ў прасоўванні правоў чалавека, дэмакратыі і павагі да прынцыпаў прававой дзяржавы ў Еўропе, імкнецца падтрымліваць і ўмацоўваць адносіны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і з гэтай мэтай стварыць інфармацыйны пункт у Вільні», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы аўтараў ініцыятывы.

Літва і РЕ ўзгаднілі супрацоўніцтва па стварэнні гэтага пункта ў Вільні летась у лістападзе. Пагадненне ў Страсбургу падпісалі тагачасны міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс і намеснік Генеральнага сакратара РЕ Б'ёрн Берге.

Міністэрства замежных спраў прапануе размясціць цэнтр у Нацыянальнай бібліятэцы і такім чынам вызваліць пункт ад арэнднай платы.

Урад таксама абавязваецца вызваляць офіс ад выплаты акцызаў і іншых падаткаў альбо кампенсаваць сумы ў тых выпадках, калі ён набывае тавары або паслугі для афіцыйнага выкарыстання і іх кошт уключае такія плацяжы, у адпаведнасці з законамі Літвы.

Са свайго боку, Рада Еўропы абавязваецца пакрываць расходы на абсталяванне і абслугоўванне памяшканняў, персанал і ўсе іншыя выдаткі, звязаныя з яго дзейнасцю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула