МЗС аблаяла Літву
Літоўскі бок чарговы раз паказаў непавагу да сваіх міжнародна-прававых абавязацельстваў. Такое меркаванне выказаў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў. Літва сёння аднавіла работу двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.
Фота: МЗС
«Нагадваем, што рашэнне аб закрыцці мяжы было прынята літоўскім бокам у аднабаковым парадку, мела выключна палітызаваны характар і было прынята па-за працэдурай і тэрмінамі, прадугледжанымі дзеючымі міжнароднымі дагаворамі. Так, напрыклад, у адпаведнасці з двухбаковым пагадненнем аб пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу, афіцыйнае паведамленне аб такіх дзеяннях павінна быць накіравана загадзя: ад аднаго да пяці дзён у залежнасці ад сітуацыі», — звярнуў увагу Руслан Варанкоў.
«Цяперашняе рашэнне аб аднаўленні работы пунктаў пропуску «Салечнікі» і «Меднікі» (з беларускага боку — «Беняконі» і «Каменны Лог») зноў было прынята з парушэннем усталяваных працэдур, — звярнуў увагу прэс-сакратар. — Тым самым літоўскі бок чарговы раз паказаў непавагу да сваіх міжнародна-прававых абавязацельстваў».
Паводле яго слоў, таксама застаецца рызыка новага аднабаковага закрыцця мяжы Вільнюсам, пра што літоўскія ўлады прама заяўляюць. Гэта можа абярнуцца сур’ёзнымі наступствамі для простых грамадзян і юрыдычных асоб.
«У сувязі з гэтым застаецца актуальнай прапанова беларускага боку аб правядзенні кансультацый на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін для выпрацоўкі ўстойлівага рашэння па пытанні функцыянавання пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы і прадухілення падобных сітуацый у будучыні. Нам, Рэспубліцы Беларусь і Літоўскай Рэспубліцы, патрэбна мяжа, якая не раздзяляе, а аб'ядноўвае народы! Мы зыходзім з гэтага. Усё залежыць ад уладаў Літвы», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.