БЕЛ Ł РУС

Вызваленыя каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч

20.11.2025 / 10:0

Сяргей Гезгала

У Беларусі памілавалі двух палітзняволеных святароў — Анджэя Юхневіча і Генрыха Акалатовіча. Фота святароў — змучаных, схуднелых, але са светлымі ўсмешкамі — з'явілася на старонцы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Апостальскі нунцый Іньяцыа Чэфалія, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч і арцыбіскуп Іосіф Станеўскі. Фота: Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў

Генрых Акалатовіч быў асуджаны на 11 гадоў, Анджэй Юхневіч — на 13 гадоў.

Непасрэдны і важкі ўдзел у працэсе прымалі прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх касцёлаў кардынал Клаўдыа Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Іньяцыа Чэфалія і старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, паведамляе ККББ.

Валожынскага ксяндза Генрыха Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023 года. Сілавікі абвінавацілі яго ў «здрадзе дзяржаве». 30 снежня 2024 года мужчыну асудзілі да 11 гадоў калоніі.

У пасланні да вернікаў, якое святар даслаў з-за кратаў, ён напісаў, што, па меркаванні следства, удзельнічаў у «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана». Акалатовіч тады падкрэсліў, што ніколі не быў ніякім шпіёнам, што ён — слуга Бога, а судзяць насамрэч не яго аднаго, а ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі.

У чаканні суда Акалатовіч паводзіў сябе вельмі бадзёра і рашуча, нягледзячы на праблемы са здароўем: 65‑гадовы мужчына перанёс інфаркт, і ў яго выдалены страўнік у сувязі з анкалагічным захворваннем.

«За ўсімі навінамі сачыў, Украіну падтрымліваў, лаяў пастаянна Лукашэнку і Пуціна ў камеры. Там усе баяліся і слова сказаць, бо праслухоўка ў кожнай камеры і людзі сядзяць, якія [падслухоўваюць]. А ён зусім не баяўся нічога», — расказваў пра святара сукамернік, які выйшаў на свабоду раней за яго. 

У выпадку святара з Шуміліна, Віцебская вобласць, Анджэя Юхневіча, яго спачатку затрымалі па «палітычных» адміністрацыйных артыкулах, але пазней абвінавацілі ў злачынствах, якія тычацца сэксуальнай недатыкальнасці непаўналетніх.

У такіх выпадках Каталіцкая царква звычайна праводзіць уласнае расследаванне на прадмет магчымага парушэння святаром нормаў Кодэкса кананічнага права — галоўнага касцёльнага «закона». Як стала вядома вернікам з кампетэнтных крыніц, кананічнае расследаванне не праводзілася, паколькі гэта немагчыма з-за таго, што святар знаходзіцца пад арыштам.

У той жа час вернікам дакладна вядома, што кіраўніцтва дыяцэзіі «ніколі ні ад каго не атрымлівала скаргаў» на айца Анджэя Юхневіча.

Пра сутнасць абвінавачвання і наяўнасць якіх-небудзь доказаў віны святара грамадскасць не даведалася, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. 

«Рыма-каталіцкі касцёл на Беларусі вітае пазітыўныя тэндэнцыі дзяржавы ў міжнародным парадку, аднаўленне дыялогу паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША, а таксама ўзмацненне кантактаў з Ватыканам. Мы рады візіту ў Беларусь высокага прадстаўніка Папы Рымскага Льва XIV кардынала Клаўдыа Гуджэроці ў кастрычніку 2025 года і дасягнутым дамоўленасцям. Ён даўні сябар Рэспублікі Беларусь, шмат зрабіў для Каталіцкага касцёла ў нашай краіне, а таксама для развіцця дзяржаўна-касцёльнага і міжканфесійнага дыялогу.

Яго візіт надаў пазітыўны імпульс для далейшых кантактаў, важным вынікам якіх стала рашэнне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак міласэрнасці і павагі да Папы памілаваць і вызваліць каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах зняволення», — гаворыцца ў паведамленні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі».

Пасля 2020 года справы па артыкулах аб «здрадзе дзяржаве» часта маюць палітычны характар. Абвінавачванне ў «здрадзе дзяржаве» выкарыстоўваецца для пераследу праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і дыскрэдытацыі незалежных ад рэжыму структур.

Чытайце таксама:

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы

Праваабаронцы: КДБ спрабаваў выкарыстаць святара Акалатовіча, каб завабіць у пастку нунцыя

Нунцыю і віцебскаму біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі каталіцкімі святарамі

Без тэлефанаванняў і лістоў: што вядома пра асуджанага на 11 гадоў святара Акалатовіча

Ксяндза з Шуміліна Анджэя Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволення

Каментары да артыкула