Касмічная турыстка Марына Васілеўская выйшла замуж за касманаўта Навіцкага? Яны носяць пярсцёнкі
Пра вяселле расійскага касманаўта, ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага і касмічнай турысткі Марыны Васілеўскай нечакана расказалі ў музеі касманаўтыкі, што ў аграгарадку Тамашоўка Брэсцкага раёна, звярнула ўвагу «Люстэрка».
Касманаўт Алег Навіцкі і касмічная турыстка Марына Васілеўская. Фота: інстаграм Васілеўскай
Музей касманаўтыкі працуе пры школе імя Пятра Клімука — першага беларускага касманаўта. Экскурсію праводзіў дырэктар школы Яўген Грыгор'еў.
«Дарэчы, калі сочыце за навінамі, то, напэўна, летам не прапусцілі той факт, што на сённяшні дзень Алег Навіцкі і Марына Васілеўская з’яўляюцца мужам і жонкай», — расказаў Грыгор'еў наведвальнікам музея.
Афіцыйна пра тое, што Навіцкі і Васілеўская пажаніліся, нічога не паведамлялася. Самі яны ніяк не каментавалі сваё асабістае жыццё.
Адзіным, хто паведаміў пра іх вяселле, быў расійскі партал Digital report. Выданне пісала пра гэта 4 ліпеня 2025 года са спасылкай на «крыніцы ў касмічным цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у Зорным гарадку» (гаворка пра цэнтр ім. Гагарына ў Маскоўскай вобласці). Нібыта відавочцы расказалі Digital report, што «вяселле адбылося ў вузкім коле сяброў і калег».
Навіцкі і Васілеўская рыхтуюцца да запуску «Саюза» на Міжнародную касмічную станцыю. Казахстан, Байканур, 21 сакавіка 2024 года. Фота: Bill Ingalls, NASA
Інфармацыю пра асабістае жыццё ўраджэнца Беларусі абнавілі нават на яго старонцы ў Вікіпедыі. Але зноў жа са спасылкай на расійскае медыя.
Дарэчы, Навіцкі і Васілеўская пасля палёту не раз разам наведвалі розныя мерапрыемствы ў гэтым годзе. Напрыклад, у студзені паглядзелі экспазіцыю БМЗ на выставе «Мая Беларусь», у маі сустрэліся з навучэнцамі Слуцкага кадэцкага вучылішча. А ў чэрвені разам прыязжалі ў Смалявічы «не з афіцыйным візітам, а каб пазнаёміцца з мясцовымі святынямі».
Алег Навіцкі і Марына Васілеўская ў Смалявічах, чэрвень 2025 года. Фота: smolevichi-24.by
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала касманаўту з просьбай пракаментаваць гэтую інфармацыю.
«Вы мяне смешыце. Я вас не ведаю, вы не ведаеце мяне і спрабуеце нешта спытаць і пацвердзіць, — заявіў ён. — Нехта нешта расказаў, і вы спрабуеце гэта высветліць. Вось вы жанатыя? А якое мае значэнне, з кім я жанаты?»
Пасля ён параіў «не займацца лухтой» і паклаў слухаўку.
«Наша Ніва» звярнула таксама ўвагу, што Навіцкі і Васілеўская сталі насіць пярсцёнкі, падобныя да заручальных, на безыменным пальцы правай рукі.
Марына Васілеўская ў лістападзе 2025 года. Фота: інстаграм Васілеўскай
Навіцкі і Васілеўская ў ліпені 2025 года. Фота: інстаграм Васілеўскай
Алегу Навіцкаму 54 гады. З жонкай Юліяй Навіцкай (ёй зараз 52 гады) яны былі разам прынамсі да зімы 2022 года, больш за 26 гадоў. У Навіцкага дзве дачкі — 29‑гадовая Яна і 8‑гадовая Маргарыта.
Касмічнай турыстцы Марыне Васілеўскай 35 гадоў. Да палёту на МКС яна працавала бортправадніцай авіякампаніі «Белавія». Пасля вяртання на Зямлю жанчына атрымала званне «Герой Беларусі».