БЕЛ Ł РУС

Мадура прапанаваў пайсці ў адстаўку цягам двух-трох гадоў. Белы дом патрабуе сысці неадкладна

19.11.2025 / 11:30

Nashaniva.com

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура прапанаваў ЗША пайсці ў адстаўку на працягу двух-трохгадовага пераходнага перыяду, ён вылучыў гэтую ідэю падчас неафіцыйных перамоваў, піша The New York Times са спасылкай на крыніцы.

Фота: AP Photo / Matias Delacroix

Белы дом адхіліў яго прапанову і запатрабаваў неадкладна пакінуць пасаду.

На мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў дзве сустрэчы са старэйшымі саветнікамі ў Сітуацыйным пакоі Белага дома, на якіх абмяркоўваліся сітуацыя ў Венесуэле і варыянты дзеянняў.

Трамп даручыў ЦРУ падрыхтаваць планы некалькіх сакрэтных аперацый на тэрыторыі Венесуэлы, а таксама пачаў сакрэтныя перамовы з урадам Венесуэлы, прыпыненыя ў мінулым месяцы.

Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года. 

У 2024 годзе ў Венесуэле прайшлі выбары, якія афіцыйна выйграў Нікалас Мадура, але апазіцыя сцвярджае, што большасць галасоў была адданая за ягонага апанента Эдмунда Гансалеса. ЗША не прызналі вынікі выбараў і лічаць Мадуру нелегітымным.

Прэзідэнт і некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі Венесуэлы абвінавачваюцца ў ЗША ў адмыванні грошай і кантрабандзе наркотыкаў. У ліпені Мінфін ЗША абвінаваціў Мадура ў кіраўніцтве венесуэльскім картэлем Cártel de los Soles і прызнаў яго тэрарыстычнай арганізацыяй.

Сітуацыю абвастрылі нядаўнія меры Трампа, у тым ліку дэпартацыі сотняў венесуэльцаў у 2025 годзе, большасць з якіх абвінавачваліся ў прыналежнасці да банды Tren de Aragua. Усяго з лютага ЗША дэпартавалі каля 8000 венесуэльцаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула