БЕЛ Ł РУС

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце

19.11.2025 / 7:0

Ідаля Салавей

Акрамя гэтага, названы найлепшыя інтэр'ер, ландшафт і праект. Чым яны адметныя?

Царква Збавіцеля ў Лас-Чумберас на іспанскім востраве Тэнэрыфе. Тут і далей фота: worldbuildingsdirectory.com

На прэстыжным Сусветным архітэктурным фестывалі (World Architecture Festival, WAF) былі абвешчаны пераможцы. Галоўную ўзнагароду (тытул «Сусветны будынак года») атрымаў незвычайны праект — Царква Збавіцеля і грамадскі цэнтр у Лас-Чумберас на іспанскім востраве Тэнэрыфе, створаныя архітэктарам Фернанда Менісам.

Праект стаў часткай праграмы адраджэння занядбанага прыгарада. Ён уключае ў сябе не толькі царкву, але і грамадскі цэнтр з плошчай, якія сталі месцам сустрэч для мясцовых жыхароў. Цікава, што будаўніцтва фінансавалася за кошт невялікіх ахвяраванняў, таму працэс зацягнуўся на доўгія 18 гадоў: першыя два блокі былі ўзведзены хутка, а астатнія дабудавалі толькі ў 2021 годзе, калі ўдалося сабраць неабходныя сродкі. Агульны бюджэт склаў каля 2 мільёнаў еўра.

Знешні выгляд будынка далёкі ад традыцыйных уяўленняў пра царкву. Асаблівая рыса праекта — вузкія «расколіны» ў сценах, запоўненыя скульптурнымі элементамі з металу і шкла. Праз іх унутр пранікае дзённае святло, ствараючы ўражлівую гульню святла і ценю і ажыўляючы маналітную бетонную прастору.

Паводле інфармацыі з сайта фестывалю, сцены гэтай царквы зробленыя з бетону, які выконвае адразу некалькі задач. Па-першае, тоўстыя бетонныя сцены працуюць як тэрмас: летам яны захоўваюць унутры прахалоду, а ў халодны час — цяпло. Але самае галоўнае — гэта гук.

Каб пазбавіцца ад рэха, архітэктары ўзвялі частку сцен, дадаўшы ў бетон дробныя кавалачкі мясцовай вулканічнай пароды. Такая паверхня стала шурпатай і, нібы губка, пачала паглынаць лішні гук. У спалучэнні з іншымі, больш гладкімі сценамі, гэта дазволіла стварыць ідэальную акустыку, дзякуючы якой і голас, і спеў гучаць вельмі чыста і выразна.

Фестываль, які сёлета прайшоў у Маямі-Біч (ЗША), таксама адзначыў пераможцаў у іншых ключавых намінацыях:

Інтэр'ер года

У гэтай намінацыі пераможцам таксама стала культавае збудаванне — Фрактальная капліца ў аўстрыйскім Грацы ад Innocad Architecture. Размешчаная ў дзяржаўнай бальніцы, яна служыць ціхім месцам для роздуму для пацыентаў, персаналу і наведвальнікаў.

Яе дызайн заснаваны на сучасных даследаваннях у галіне неўралогіі і экалагічнай псіхалогіі і робіць акцэнт на выкарыстанні дзённага святла для стварэння спакойнай атмасферы, паляпшэння самаадчування і зніжэння стрэсу.

Цэнтральнае месца ў дызайне займаюць фрактальныя ўзоры. Навукова даказана: разгляданне такіх прыродных узораў супакойвае чалавека і можа знізіць узровень стрэсу на 60%. Гэтую ідэю першапачаткова выкарыстоўвалі ў NASA, каб дапамагчы астранаўтам змагацца са стрэсам у космасе.

Каб стварыць узоры для капліцы, дызайнеры разам з навукоўцамі выкарыстоўвалі спецыяльную камп'ютарную праграму. Яна дапамагла знайсці ідэальны баланс, каб узоры былі адначасова і прыгожымі для вока, і карыснымі для псіхікі.

Даследаванні, апублікаваныя ў часопісе Frontiers in Psychology, пацвердзілі, што такі дызайн добра ўплывае на самых розных людзей, у тым ліку на тых, хто вельмі адчувальны да навакольнага асяроддзя. Гэта робіць капліцу камфортным і спакойным месцам абсалютна для кожнага.

Праект года 

Найлепшым сусветным будучым праектам (Future Project) названы праект міжнароднага аэрапорта Белефу ў Бутане. Яго аўтарам з'яўляецца Bjarke Ingels Group.

Тэрмінал будзе пабудаваны з экалагічнай мясцовай драўніны, а яго эфектная ромбападобная канструкцыя будзе ўпрыгожана традыцыйнай бутанскай разьбой па дрэве. Аэрапорт плануецца адкрыць у 2029 годзе.

Адаптаваны да субтрапічнага клімату паўднёвага Бутана, аэрапорт выкарыстоўвае натуральныя спосабы ахалоджвання, заснаваныя на традыцыйнай архітэктуры. Драўляная канструкцыя дапамагае рэгуляваць вільготнасць у памяшканні, а вентыляваныя дахі і ўнутраныя дворыкі спрыяюць цыркуляцыі паветра. Пашыраныя карнізы забяспечваюць цень і абарону ад мусонных дажджоў.

Ландшафт года

У гэтай намінацыі перамог праект «Насустрач паводцы: экалагічны калідор ракі Сіньцзян» ад Turenscape у Кітаі.

Архітэктары ператварылі занядбаную тэрыторыю ля ракі, якая рэгулярна затаплялася і была небяспечнай для жыхароў, у рэкрэацыйную зону. Замест таго, каб будаваць высокія дамбы і змагацца з вадой, на 102 гектарах праблемнай зямлі быў створаны ўнікальны парк.

Галоўная ідэя праекта — не супрацьстаяць сезонным паводкам, а выкарыстоўваць іх як стваральную сілу, якая жывіць ландшафт, аднаўляе прыроднае асяроддзе і падтрымлівае біяразнастайнасць.

Для гэтага ўвесь ландшафт перарабілі: стварылі сістэму сажалак і астраўкоў, якія працуюць як гіганцкая губка — убіраюць лішнюю ваду падчас паводак і паступова аддаюць яе ў засушлівы перыяд. Каб людзі маглі карыстацца паркам круглы год, была пабудаваная разумная двух'ярусная сістэма дарожак. Верхні ўзровень — гэта высокі пешаходны мост, які застаецца сухім нават падчас самых моцных паводак.

Ніжнія дарожкі спецыяльна распрацаваныя так, каб часова сыходзіць пад ваду, што дазваляе наведвальнікам бяспечна назіраць за дынамікай прыроды. Дзякуючы гэтаму праект стаў не толькі месцам адпачынку, але і ўзорным прыкладам для гарадоў па ўсім свеце, як можна ператварыць кліматычную пагрозу ў карысны рэсурс.

Сусветны архітэктурны фестываль (World Architecture Festival, WAF) ладзіцца штогод, пачынаючы з 2008 года. Падаць заяўку на ўдзел можа любы архітэктар ці архітэктурная майстэрня незалежна ад ступені вядомасці. Фестываль з'яўляецца самым буйным штогадовым мерапрыемствам у сферы архітэктуры ў свеце. Штогод у ім удзельнічаюць больш за тысячу праектаў з розных краін. У гэтым годзе ў шорт-ліст увайшлі 235 пабудоў, 157 праектаў і 64 дызайны інтэр'ераў.

Чытайце таксама:

Галоўную архітэктурную ўзнагароду Беларусі атрымаў праект знішчэння гістарычных казармаў у Гродне. Хто яшчэ адзначаны? ШМАТ ФОТА

Не горш за Амерыку і Заходнюю Еўропу. Як бы выглядаў Мінск, калі б былі рэалізаваныя даваенныя савецкія праекты

Беларускі архітэктар пабываў у Стакгольме і застаўся ў поўным захапленні — не ад багацця, а ад прадуманасці і разнастайнасці

Каментары да артыкула