БЕЛ Ł РУС

Іран пачынае «пасеў аблокаў», каб змагацца з наступствамі самай сухой восені за апошнія 50 гадоў

18.11.2025 / 11:25

Антось Жупран

На фоне самай сухой восені за апошнія 50 гадоў улады Ірана пачалі аперацыі па так званым «пасеве аблокаў», каб штучна выклікаць ападкі і змякчыць наступствы жорсткага воднага крызісу.

Так цяпер выглядае некалі паўнаводная рака Лавасан, якая забяспечвала вадою сталіцу краіны Тэгеран. 11 лістапада 2025 года. Фота: Fatemeh Bahrami / Anadolu via Getty Images

Як паведамляе CNN са спасылкай на Нацыянальны цэнтр прагназавання надвор'я Ірана, колькасць ападкаў па ўсёй краіне скарацілася на 89% у параўнанні са шматгадовымі сярэднімі паказчыкамі. Для Ірана гэта ўжо пяты год засухі запар, а ключавыя вадасховішчы імкліва мялеюць.

Першыя аперацыі па «пасеве аблокаў» былі праведзены ў басейне возера Урмія на паўночным захадзе краіны. Самалёты распыляюць у аблоках хімічныя рэчывы, якія стымулююць выпадзенне дажджу. Гэтая тэхналогія выкарыстоўваецца ў Іране ўжо не першы год.

Наступствы засухі асабліва відавочныя на прыкладзе возера Урмія. Яшчэ два дзесяцігоддзі таму яно было найбуйнейшым на Блізкім Усходзе, прыцягвала турыстаў і падтрымлівала мясцовую эканоміку. Сёння ж на яго месцы ўтвараецца саляная раўніна, а на беразе стаяць іржавыя, нерухомыя лодкі.

Востры дэфіцыт вады ўжо выклікаў трывогу наконт забеспячэння пітной вадой буйных гарадоў, уключаючы сталіцу Тэгеран. Улады спрабуюць скараціць спажыванне вады, а жыхары адчайна яе эканомяць, каб пазбегнуць катастрофы. Эксперты адзначаюць, што змены клімату значна пагаршаюць і без таго складаную сітуацыю.

Кіраўнік Нацыянальнага даследчага цэнтра па «пасеве аблокаў» Махамад Мехдзі Джавадзіян-Задэ заявіў, што аперацыі з выкарыстаннем самалётаў і беспілотнікаў працягнуцца да сярэдзіны мая. Ён падкрэсліў, што ў засушлівых умовах Ірана гэты метад выкарыстоўваецца, каб павялічыць колькасць ападкаў у вадазборных басейнах.

Чытайце таксама:

У 10‑мільённым Тэгеране дэфіцыт вады. Жыхароў папярэдзілі пра магчымую эвакуацыю

Як адключэнне інтэрнэту ў Іране раптам раскрыла сувязь Тэгерана з шатландскім сепаратызмам

Што адбываецца з кліматам? Такая спёка летам будзе заўсёды?

Каментары да артыкула