БЕЛ Ł РУС

Суд у Бангладэш прысудзіў да смяротнага пакарання экс-прэм'ера Хасіну за разгон пратэстаў. Яе судзілі завочна

17.11.2025 / 13:43

Nashaniva.com

Суд у Бангладэш прызнаў былую прэм'ер-міністра краіны Шэйх Хасіну вінаватай у злачынствах супраць чалавечнасці падчас жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2024 годзе. Былы кіраўнік ўрада асуджана на смяротнае пакаранне, але каля года таму яна ўцякла ў Індыю і знаходзіцца па-за дасягальнасцю сіл правапарадку Бангладэш, піша Бі-бі-сі.

76‑гадовая Шэйх Хасіна — дачка першага прэм'ера Бангладэш Муджыбура Рахмана (1971-1975), яго самога і ўсю сям'ю з роднымі застрэлілі падчас спробы перавароту ў 1975 годзе. Усяго тады забілі 20 чальцоў сям'і Муджыбура Рахмана. Дзве яго дачкі тады былі за мяжой. Wikimedia Commons

Разам з 78‑гадовай Хасінай вінаватымі былі прызнаныя яшчэ два чыноўнікі яе ўрада: былы міністр унутраных спраў Асадузаман Хан Камал і экс-кіраўнік паліцыі Чаудхуры Абдула аль-Мамун.

У залі суда прысутнічаў толькі апошні: ён прызнаў сябе вінаватым і падчас працэсу даваў паказанні як сведка абвінавачаньня.

Што стала прычынай акцый пратэсту і як развіваліся падзеі

Масавыя акцыі пратэсту ў Бангладэш пачаліся ў ліпені 2024 года і неўзабаве выліліся ў крывавыя сутычкі з сілавымі органамі, у ходзе якіх загінулі сотні людзей, у тым ліку дзеці.

Кадры, на якіх было знята жорсткае падаўленне пратэстаў, шырока разышліся ў сацыяльных сетках і выклікалі абурэнне жыхароў краіны.

Дэманстрацыі ў Бангладэш арганізавалі студэнты: яны патрабавалі змяніць сістэму, пры якой траціна працоўных месцаў у дзяржаўным сектары была зарэзерваваная за сваякамі вэтэранаў вайны за незалежнасць ад Пакістана 1971 года.

Урад Шэйх Хасіны адмяніў гэтыя квоты ў 2018 годзе, але ў чэрвені 2024‑га іх аднавіў суд ніжэйшай інстанцыі. Студэнты называлі існы парадак дыскрымінацыяй і патрабавалі, каб прыём на працу ажыццяўляўся на аснове кваліфікацыі кожнага асобнага кандыдата.

На фоне сутыкненьня з паліцыяй улады Бангладэш ўвялі па ўсёй краіне рэжым падвышанай пагрозы. Практычна паўсюдна адключылі інтэрнэт, у некаторых раёнах не працавалі тэлефонныя лініі. У сталіцы дзейнічала каменданцкая гадзіна. Улады абвінавацілі пратэстоўцаў у падпале будынка дзяржаўнай тэлекампаніі BTV. Паліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў слёзатычывы газ і гумовыя кулі.

Празь некалькі дзён Вышэйшы суд Бангладэш адмяніў большасць квотаў на працоўныя месцы ў дзяржаўным сектары, пакінуўшы вэтэранам толькі 5% месцаў і замацаваўшы 93% працоўных месцаў у дзяржаўным сектары за людзьмі ў залежнасці ад іх прафпрыдатнасці.

Аднак урад адразу не адрэагаваў на рашэнне суда, і прадстаўнікі студэнцкіх арганізацый заявілі, што пратэсты працягнуцца.

У пачатку жніўня 2024 года Шэйх Хасіна падала ў адстаўку і збегла ў суседнюю Індыю. Неўзабаве пасля гэтага дэманстранты ўварваліся ў яе афіцыйную рэзідэнцыю.

Неўзабаве пасля гэтага быў створаны часовы ўрад Бангладэш, які ўзначаліў 85‑гадовы лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Мухамад Юнус (ён атрымаў яе ў 2006 годзе за намаганні па эканамічным і сацыяльным развіцці краіны).

Юнус абяцаў правесці новыя выбары ў пачатку лютага 2026 года. 

Што кажа сама Хасіна

Неўзабаве пасля таго, як быў вынесены прысуд, Хасіна распаўсюдзіла заяву, у якой назвала суд незаконным. Па яе словах, ён быў арганізаваны ўрадам, у якога няма дэмакратычнага мандата на кіраванне краінай.

«Я не баюся сустрэцца з тымі, хто мяне абвінавачвае, у сапраўдным судзе, дзе доказы могуць ацэньвацца і правярацца сумленным спосабам», — сказала былая кіраўніца ўрада.

Яна нагадала, што прапаноўвала разгледзець яе справу ў незалежным органе, напрыклад, у Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе.

На мінулым тыдні Хасіна ў пісьмовым каментары Бі-бі-сі назвала суд над ёй фарсам, за якім стаяць яе палітычныя праціўнікі. Яна таксама заявіла, што катэгарычна адмаўляе абвінавачванні ў тым, што яна асабіста давала ўказанні сілам бяспекі адкрыць агонь па дэманстрантах.

«Я не адмаўляю, што сітуацыя выйшла з-пад кантролю і многія людзі дарэмна загінулі. Але я ніколі не аддавала якіх-небудзь загадаў адкрываць агонь па няўзброеным цывільным насельніцтве», — піша Хасіна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула