Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка
«Начальнік следчага ўпраўлення палкоўнік [Канстанцін] Бычак з групай афіцэраў паехалі на тыдзень у В'етнам, выпісалі сабе камандзіроўку».
Былы палітзняволены Юрась Зянковіч правёў чатыры месяцы ў адной камеры з былым добраахвотнікам палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам. У новым выпуску ТОКу Зянковіч падзяліўся падрабязнасцямі затрымання былога добраахвотніка ў В'етнаме.
Юрась Зянковіч, грамадзянін Беларусі і ЗША, сядзеў за кратамі з вясны 2021 года, калі быў арыштаваны ў Маскве за ўдзел у віртуальнай спробе «дзяржаўнага перавароту». Ён падпісаў пагадненне са следствам, але ў выніку атрымаў 11 гадоў зняволення. Спачатку мужчыну адправілі ў бабруйскую калонію, з часам перавялі на турэмныя ўмовы ў Магілёў.
Перад сваім вызваленнем Зянковіч чатыры месяцы правёў у СІЗА КДБ у адной камеры з экс-каліноўцам Васілём Верамейчыкам.
Зянковіч характарызуе Верамейчыка як смелага і неардынарнага чалавека. Ён падкрэслівае, што Верамейчык — кадравы вайсковец, які скончыў Беларускую вайсковую акадэмію і служыў у арміі, перш чым звольніцца.
«Як толькі пачалася вайна ва Украіне, ён пайшоў ваяваць, і на той час гэта быў сапраўды каштоўны кадр для таго ж Палка Каліноўскага, бо кадравых вайскоўцаў з афіцэрскай адукацыяй не так шмат», — адзначае Зянковіч.
Паводле яго слоў, пасля ўнутраных канфліктаў у палку Верамейчык быў вымушаны сысці. Яго далейшы лёс склаўся драматычна: Літва, дзе перабывала яго сям'я, адмовіла яму ў візе. У выніку, як распавядае былы палітвязень, Верамейчык «бадзяўся па свеце, шукаў, дзе ён можа больш-менш бяспечна знаходзіцца».
Васіль Верамейчык перад самалётам, на якім быў дастаўлены з В'етнама ў Беларусь. Скрын відэа
«Дабраўся ажно да В'етнама, але ў КДБ рукі доўгія, яны яго дасталі нават у В'етнаме», — даводзіць Зянковіч і пераказвае гісторыю затрымання са слоў самога Верамейчыка.
«Начальнік следчага ўпраўлення палкоўнік [Канстанцін] Бычак з групай афіцэраў паехалі на тыдзень у В'етнам, выпісалі сабе камандзіроўку. У самы апошні дзень Васіля мясцовыя спецслужбы забралі з раніцы з дома. (…) Проста з раніцы зайшлі ў кватэру. Там дастаткова жорсткі ўлік таксама, усё ж такі камуністычная краіна. Спецслужбы ведаюць, хто дзе жыве. І яго проста забралі, прывезлі ў аэрапорт і аддалі беларускім кадэбэшнікам», — кажа Зянковіч.
Ён праводзіць паралель са сваім уласным затрыманнем у Маскве.
«Па сутнасці [у Верамейчыка] таксама было выкраданне. Ніякія фармальнасці не выконваліся», — рэзюмуе Юрась Зянковіч.
Чытайце таксама:
Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя