БЕЛ Ł РУС

Літоўскі міністр расказаў, як вучыўся чытаць па-беларуску з часопіса «Вожык»

16.11.2025 / 14:9

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч даў вялікае інтэрв'ю «Свабодзе» аб праблемах у дачыненнях з Беларуссю. Пры гэтым літоўскі міністр каля гадзіны гаварыў па-беларуску. Уладзіслаў Кандратовіч патлумачыў, як ён вывучыў беларускую мову, не хадзіўшы ў беларускую школу.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч. Фота: «Свабода»

«Я думаю, што ўсе людзі, якія з'яўляюцца нашчадкамі Вялікага Княства Літоўскага, маюць тры мовы, якія генетычна ідуць ад сэрца. Гэта беларуская, літоўская і польская, якія выкарыстоўваліся на гэтай тэрыторыі.

Я нарадзіўся ў Літве. Сам я літоўскі паляк, і мае продкі былі з Літвы, а адна галіна была з Лынтупаў, гэта ў Беларусі сёння.

Я нарадзіўся на вуліцы Беларусаў, якая такую ж назву носіць і цяпер, вуліца Baltarusių (Балтарусю), не Беларуская, а менавіта Беларусаў.

Там было шмат прыехаўшых беларусаў з Наваградчыны, Ашмяншчыны, якія пасля вайны шукалі лепшага жыцця і прыязджалі ў Літву. Я слухаў іх мову, а размаўляць стаў толькі цяпер, з вамі. І ў дзяцінстве я ведаў такі часопіс «Вожык», які прынёс мой сябра і сусед. І я ўбачыў у ім першыя словы на беларускай мове, яны былі прачытаныя мною з часопіса «Вожык». Вельмі цікавы ён для мяне тады быў».

Уладзіслаў Кандратовіч перакананы, што трэба ведаць мовы ўсіх суседзяў. Кажа, што латышская мова яшчэ чакае яго.

«Але літоўская, беларуская, польская мова ў нашым краі, у гэтай мясцовасці патрэбныя, каб не забыць гісторыю, якая нас звязвала і звязвае да гэтай пары, злучае нас у адзіную супольнасць, якую для нашага пакалення, жыхароў цяперашняга часу, трэба трымаць, каб у будучыні і Беларусь, і Літва заставаліся суседзямі, якія жывуць дружна».

Уладзіслаў Кандратовіч нарадзіўся 25 лютага 1972 году. Скончыў факультэт менеджменту Віленскага тэхнічнага ўніверсітэту імя Гедыміна. Да 2007 году займаўся бізнэсам. У 2007 годзе ўзначаліў аддзел інвестыцый адміністрацыі Віленскага раённага самакіраваньня, адначасова ўступіў у партыю польскай меншасці Выбарчая акцыя палякаў Літвы.

На муніцыпальных выбарах 2011 года быў абраны ў раду Віленскага раённага самакіраваньня, але адмовіўся ад мандату, заняўшы замест гэтага пасаду намесніка дырэктара раённай адміністрацыі. У 2013—2014 гадах — намеснік міністра транспарту і сувязі Літвы, у 2023—2024 гадах кіраўнік Віленскай раённай адміністрацыі.

У снежні 2024 году заняў пасаду міністра ўнутраных спраў Літвы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула