БЕЛ Ł РУС

МЗС: Беларусь вітае рашэнне Польшчы аб аднаўленні двух пунктаў пропуску

15.11.2025 / 13:42

Nashaniva.com

Беларусь вітае рашэнне ўладаў Польшчы аб аднаўленні працы раней зачыненых двух пунктаў пропуску. Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў па выніках праведзенай па даручэнні Лукашэнкі нарады па сітуацыі на мяжы з дзяржавамі Еўрапейскага саюза, паведамляе БелТА.

Мерапрыемства прайшло пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча пры ўдзеле кіраўнікоў МЗС, Дзяржаўнага памежнага камітэта, Мытнага камітэта і КДБ.

«Беларусь паслядоўна заклікае еўрапейскіх суседзяў да аднаўлення ранейшага рэжыму працы мяжы ў інтарэсах звычайных грамадзян і развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва. На гэтым фоне вітаем рашэнне ўладаў Рэспублікі Польшча аб аднаўленні працы раней зачыненых двух пунктаў пропуску праз беларуска-польскую мяжу для перамяшчэння людзей, транспартных сродкаў і грузаў. Гэта рашэнне аказвае станоўчы ўплыў пераважна на памежны гандаль», — сказаў прэс-сакратар.

У паведамленні МЗС адзначаецца, што гэты крок з’яўляецца праявай канструктыўнага стаўлення Польшчы, накіраваным пераважна на жаданні ўласных грамадзян.

«На жаль, мы не назіраем аналагічнага падыходу з боку літоўскіх уладаў, якія працягваюць ігнараваць інтарэсы ўласных грамадзян», — дадаў Руслан Варанкоў.

Як паведамлялася раней, улады Польшчы маюць намер 17 лістапада аднавіць працу двух закрытых у папярэднія гады памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю ў Баброўніках і Кузніцы.

Польскі бок будзе прапускаць легкавыя аўтамабілі і і аўтобусы праз КПП у Кузніцы, а праз КПП у Баброўніках — легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, а таксама грузавікі з краін ЕС і Швейцарыі.

Літоўская мяжа закрыта да 30 лістапада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула