БЕЛ Ł РУС

Трамп загадаў расследаваць магчымыя сувязі Эпштэйна з Клінтанам і банкірамі. Мінюст ЗША падпарадкаваўся

15.11.2025 / 8:14

Nashaniva.com

Міністэрства юстыцыі ЗША паабяцала пачаць расследаванне меркаваных сувязяў бізнесмена і асуджанага педафіла Джэфры Эпштэйна з членамі Дэмакратычнай партыі, у тым ліку былым прэзідэнтам Білам Клінтанам і вядомымі банкірамі. Дональд Трамп запатрабаваў правесці такое расследаванне пасля таго, як дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў апублікавалі перапіску Эпштэйна, у якой узгадваецца прэзідэнт ЗША, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: Win McNamee/Getty Images

У сваім пасце, апублікаваным у сетцы Truth Social, Трамп не хаваў, што вырашыў папрасіць генпракурора ЗША Пэм Бондзі «расследаваць сувязі і адносіны Джэфі Эпштэйна» з Клінтанам і іншымі, паколькі дэмакраты «спекулююць» на тым, што ён назваў «выдумкамі» з нагоды бізнэсмэна.

Бондзі адказала, што яе міністэрства «зоймецца гэтым з усёй рашучасцю і прынцыповасцю». Пакуль незразумела, ці накіраваў Трамп у Мінюст афіцыйную дырэктыву, ці ж генпракурор вырашыла зрабіць сваю заяву на аснове допісаў прэзідэнта ў Truth Social.

Бондзі заявіла, што расследаваннем сувязей дэмакратаў і банкіраў з Эпштэйнам зоймецца пракурор Джэй Клейтан.

Амерыканскія прэзідэнты звычайна не даюць указання Мінюсту пачынаць расследаванні супраць канкрэтных людзей або кампаній.

Розныя кіраўнікі Белага дома ў мінулым прызначалі для такіх працэдур спецыяльных пракурораў — юрыстаў, якія дзейнічаюць незалежна ад адміністрацыі.

Пра якія менавіта сувязі ідзе гаворка?

У сваім допісе ў Truth Social Трамп згадваў магчымыя сувязі Эпштэйна з Білам Клінтанам, былым міністрам фінансаў ЗША Лары Сандэрсам, заснавальнікам сеткі LinkedIn Рыдам Хофманам (ён таксама з'яўляецца донарам Дэмакратычнай партыі), а таксама з банкам J.P. Morgan and Chase і «многімі іншымі людзьмі і арганізацыямі».

«Эпштэйн быў дэмакратам, і ён праблема менавіта для дэмакратаў, а не для рэспубліканцаў, — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы. — Ім усім пра яго вядома, так што не трэба траціць час на Трампа. Мне трэба краінай кіраваць!»

Вядома, што Клінтан лётаў на самалёце Эпштэйна падчас гуманітарных паездак у Афрыку ў пачатку 2000‑х і ў той час хваліў бізнэсмэна як адданага філантропа, хоць пазней сцвярджаў, што парваў з ім сувязі.

У заяве Клінтана ад 2019 года гаворыцца, што ў паездках на самалёце Эпштэйна яго суправаджалі супрацоўнікі яго дабрачыннага фонду і целаахоўнікі з Сакрэтнай службы ЗША (як былому прэзідэнту, яму належыць ахова пажыццёва), а пра злачынствы Эпштэйна ён нічога не ведаў.

Пакуль не было ніякіх вартых даверу доказаў таго, што Клінтан мог якім-небудзь чынам прымаць удзел у злачынствах Эпштэйна. Былы прэзідэнт ЗША неаднаразова падкрэсліваў, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў.

Як паведамляе амерыканская тэлекампанія CBS, у толькі што апублікаванай перапісцы Эпштэйна той сцвярджае, што Клінтан «ніколі ў жыцці» не наведваў яго прыватны востраў (дзе адбываліся некаторыя са злачынстваў). Пры гэтым Трамп неаднаразова сцвярджаў адваротнае.

Банк і былы міністр фінансаў

Як нагадвае агенцтва Reuters, банк J.P. Morgan and Chase у 2023 годзе заплаціў некаторым ахвярам злачынстваў Эпштэйна 290 млн долараў, каб урэгуляваць пададзены супраць яго пазоў. Ахвяры сцвярджалі, што JP Morgan аддаваў перавагу не заўважаць дзеянні Эпштэйна супраць дзяўчат, паколькі ён быў каштоўным кліентам.

У адказ на апошнія заявы Трампа афіцыйны прадстаўнік J.P. Morgan and Chase заявіў, што банк шкадуе аб сваіх мінулых сувязях з Эпштэйнам, але ён «не садзейнічаў яму ў яго жудасных злачынствах».

«У ўладаў была інфармацыя, якая неабвержна сведчыць аб яго злачынствах, але яны не падзяліліся ёю з намі і іншымі банкамі», — таксама сказана ў заяве банка, перададзенай агенцтву AFP.

Самерс прымаў дабрачынныя падарункі ад Эпштэйна, калі працаваў кіраўніком Гарвардскага ўніверсітэта. У новай порцыі лістоў бізнэсмэна, апублікаванай кангрэсменамі, ёсць перапіска паміж Самерсам і Эпштэйнам ад кастрычніка 2017 года.

У адным з лістоў Самерс дзеліцца з Эпштэйнам сваім меркаваннем з нагоды прэзідэнцтва Трампа і піша: «Д. Дж. Т. [ініцыялы Трампа — Рэд] — самы шчаслівы хлопец з пункту гледжання апазіцыі, эканомікі і іншага. Але я ўсё ж такі думаю, што яго свет абрынецца».

У 2023 годзе прадстаўнік Самерса сказаў газеце Wall Street Journal, што былы міністр і кіраўнік Гарвардскага ўніверсітэта «глыбока шкадуе аб сваіх кантактах з Эпштэйнам пасля таго, як яму быў вынесены прысуд».

Хофман прызнаваў, што мноства разоў сустракаўся з Эпштэйнам, але гэта адбывалася толькі па працы — і ў прафесійнай абстаноўцы.

Што ў перапісцы сказана пра самога Трампа

Трамп паслядоўна адмаўляе якія-небудзь правапарушэнні, звязаныя з Эпштэйнам, хоць да некаторага часу падтрымліваў з ім сяброўскія сувязі.

У апублікаванай дэмакратамі перапісцы яго імя фігуруе мноства разоў. Wall Street Journal падлічыла, што Трамп згадваецца ў больш чым 1600 «галінах» абменаў электроннымі лістамі (з 2324).

Адзін з лістоў — перапіска Эпштэйна з яго сяброўкай, свецкай львіцай Гіслейн Максвел у красавіку 2011 года. Фінансіст звяртае яе ўвагу на тое, што Трамп — «сабака, які яшчэ не забрахаў». «[Ахвяра] правяла шмат гадзін у мяне дома з ім», — піша Эпштэйн. «Яго імя ні разу не згадвалася», — дадаў ён. На гэта Максвел адказала: «Я думала пра гэта…»

Як адзначае CNN, кантэкст гэтай перапіскі невідавочны. Эпштэйн на той момант ужо выйшаў на волю, адседзеўшы 13 месяцаў у турме: у 2008 годзе ён прызнаў віну ў падбухторванні да прастытуцыі, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, і быў прысуджаны да 18 месяцаў зняволення.

Максвел летам 2025 года казала, што яна ніколі не бачыла, каб Дональд Трамп быў у доме Эпштэйна.

Іншы ліст, апублікаваны дэмакратамі, Эпштэйн напісаў у студзені 2019 года журналісту Майклу Волфу, аўтару некалькіх кніг пра Трампа.

«Трамп сказаў, што ён папрасіў мяне адлічыцца [з клуба Мар-а-Лага]. Ніколі [я не быў] членам. Вядома, ён ведаў пра дзяўчынак, таму што ён папрасіў Гіслейн спыніцца», — напісаў Эпштэйн.

У Белым доме раней казалі, што Трамп забараніў Эпштэйну наведваць Мар-а-Лага, таму што фінансіст быў «мярзотнікам», а сам Трамп казаў, што Эпштэйн «краў» у яго работніц са спа ў клубе ў Фларыдзе.

Рэспубліканцы ў Камітэце па наглядзе лічаць, што дэмакраты схавалі ў апублікаваных лістах імя Вірджыніі Джуфрэ, адной з галоўных ахвяр Эпштэйна. Пра гэта ж заяўляе і Белы дом.

Тым часам у Палаце прадстаўнікоў набралася дастаткова подпісаў пад законапраектам, які абавяжа Міністэрства юстыцыі апублікаваць усе дакументы, звязаныя са справай Эпштэйна (пакуль што апублікаваны толькі 20 тыс. дакументаў са спадчыны памерлага фінансіста). Галасаванне чакаецца на наступным тыдні.

У падтрымку закона выступілі дэмакраты і чатыры члены Рэспубліканскай партыі, у тым ліку вядомая прыхільніца Трампа ультракансерватыўная кангрэсвумен Марджоры Тэйлар Грын. У пятніцу яна заявіла, што з боку прэзідэнта ЗША было б «велізарнай памылкай» пярэчыць супраць публікацыі ўсіх матэрыялаў, звязаных з Эпштэйнам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула