БЕЛ Ł РУС

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд журналісту Ігару Ільяшу

14.11.2025 / 15:43

Nashaniva.com

Судовая калегія Вярхоўнага суда пад кіраўніцтвам суддзі Ігара Любавіцкага 14 лістапада разгледзела апеляцыйную скаргу журналіста Ігара Ільяша на прысуд Мінгарсуда.

Ігар Ільяш. Фота з яго сацсетак

Адвакат прасіў апраўдаць Ігара, а пракурор заклікаў пакінуць прысуд у чатыры гады і штраф 100 базавых велічыняў без зменаў. Калегія суда вырашыла пакінуць прысуд без зменаў.

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачвалі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Пра яго затрыманне 22 кастрычніка 2024 года паведамілі праўладныя СМІ, сцвярджаючы, што журналіст даваў інтэрв’ю незалежным і замежным медыям, у тым ліку ўкраінскім, што нібыта магло быць выкарыстана супраць дзяржавы.

22 лістапада 2024 года праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша палітычным вязнем. Раней, у ліпені 2021 года, яго ўжо затрымлівалі на 10 сутак па іншай справе, якая далейшага развіцця не атрымала.

Жонка Ільяша, Кацярына Андрэева (Бахвалава), разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай была затрыманая 15 лістапада 2020 года падчас трансляцыі разгону людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць актывіста Рамана Бандарэнкі. У лютым 2021 года суд прыгаварыў іх да двух гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы палітычнымі вязнямі.

У ліпені 2022 года Кацярына Андрэева атрымала 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, з улікам папярэдняга прысуду тэрмін склаў 8 гадоў і 3 месяцы. Яе скаргу ў Вярхоўным судзе ў верасні 2022 года не задаволілі, але фармулёўку абвінавачання змянілі на «шпіянаж».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула