Міліцыя распрацавала свой мабільны дадатак для прыёму паведамленняў ад грамадзян
Распрацоўка абяцае не толькі хуткую сувязь, але і такія функцыі, як адсочванне геалакацыі і «трывожная кнопка» для экстранных выпадкаў.
Новы мабільны дадатак будзе выконваць дзве асноўныя функцыі: інфармацыйную і камунікацыйную. Як расказаў начальнік упраўлення аператыўна-дзяжурнай службы МУС Беларусі Юрый Кулеш у інтэрв'ю выданню «На страже», карыстальнікі змогуць не толькі атрымліваць важныя звесткі аб працы органаў унутраных спраў, але і накіроўваць паведамленні аб злачынствах ці правапарушэннях.
Адной з найважнейшых функцый стане віртуальная «трывожная кнопка». У экстраннай сітуацыі дастаткова будзе націснуць на яе, каб прыцягнуць увагу міліцыі. Калі на мабільнай прыладзе ўключана GPS-навігацыя, праграма аўтаматычна вызначыць дакладнае месцазнаходжанне чалавека. Гэта асабліва карысна для тых, хто заблукаў у лесе або трапіў у ДТЗ у незнаёмай мясцовасці і не можа зарыентавацца.
Акрамя таго, карыстальнікі змогуць дапаўняць свае тэкставыя паведамленні фота– і відэаматэрыяламі, а таксама галасавымі файламі, што дазволіць больш поўна і дакладна перадаць інфармацыю аб здарэнні.
Па словах Кулеша, дадаткам змогуць карыстацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У першую чаргу гэта новаўвядзенне дапаможа інвалідам па слыху, якім складана звязацца з аператарам службы 102 праз звычайны тэлефонны званок.
На гэты момант праект знаходзіцца на стадыі тэсціравання і дапрацоўкі. Для выкарыстання дадатку спатрэбіцца рэгістрацыя з пазначэннем персанальных даных, што неабходна для ідэнтыфікацыі заяўніка.
Па словах міліцэйскага начальніка, новы мабільны дадатак стане часткай адзінага інтэграванага рэсурсу, які павінен аўтаматызаваць працэс рэгістрацыі зваротаў і паведамленняў у міліцыю.
Сілавікі спадзяюцца, што пасля поўнага запуску новы мабільны дадатак значна павысіць якасць іх працы і хуткасць рэагавання міліцыі, а таксама дапаможа знізіць папяровую бюракратыю. З іншага боку, і данесці на «нядобранадзейнага» суседа стане значна прасцей.
Час пакажа, ці захочуць беларусы ўстанавіць сабе на тэлефон мабільны дадатак, які, хоць і мае карысныя функцыі, можа стаць яшчэ адным інструментам татальнага кантролю.