БЕЛ Ł РУС

«Чаго з людзей здзекуецеся?!» Лукашэнка загадаў прыбраць маршруткі

14.11.2025 / 12:16

Nashaniva.com

«Стаяць у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую маршрутку смярдзючую».

На нарадзе аб выніках работы БелАЭС Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра маршруткі і чэргі на іх, паведамляе БелТА.

Ён прапанаваў прыцягнуць электратранспарт на маршруты. «Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёны ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. А ў цэлым на сёння ў краіне эксплуатуецца больш за 44 тысячы электрамабіляў і налічваецца звыш 1870 зарадных станцый», — прывёў даныя палітык.

Ён абурыўся недахопам грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадным і міжгароднім злучэнні.

«Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую маршрутку смярдзючую, — сказаў ён. — Слухайце, чаго вы з людзей здзекуецеся?!»

«Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі, Аляксандр Генрыхавіч, аўтобусамі? — заўважыў Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына. — Трэба паставіць, аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, але і электробусы паставіць. І хай ідуць.

З задавальненнем людзі паедуць. Камфортна, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць там (як у маршрутках) заціснуўшыся».

Паводле яго слоў, гэта быў бы і больш бяспечны від транспарту: «Ну страцім мы 2‑3 хвіліны, але жывыя будзем і здаровыя».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула