БЕЛ Ł РУС

Беларусы кінуліся глядзець серыял пра хімкінскіх вядзьмарак. Што?

16.11.2025 / 7:30

Сафія Смірніцкая

У трэнды беларускага інтэрнэту трапіў серыял пра вядзьмарак з Падмаскоўя. Пра што ён і як такое магло здарыцца?

Фота: кадр з трэйлера

«Хімкінскія вядзьмаркі» — праект расійскага тэлеканала СТС. Расказвае ён пра трох сябровак, якія маюць свой салон магіі і эзатэрыкі ў гандлёвым цэнтры ў падмаскоўных Хімках. Дзяўчаты носяць чорныя трыкатажныя плашчы з каптурамі, а пад іх часам надзяваюць накладныя рогі і адзенне ў абліпку — ніякай павагі да магіі!

Пры гэтым шаптухі толькі прыкідваюцца, што маюць магічныя здольнасці, насамрэч яны — аферысткі. І пакуль псеўдавядзьмаркі страсаюць грошы за зняцце псуты і іншыя радасці, брат адной з іх абшуквае сацсеткі чарговай ахвяры, а вынікі падказвае шаптухам у навушнік. Кліенты шакаваныя: як шаптухі толькі даведваюцца пра іх такое!

Але тут на шляху дзяўчат сустракаецца сапраўдная вядзьмарка. Яна перадае ім свае здольнасці, і шаптухі на гэта згодныя, бо жадаюць павырашаць уласныя праблемы. Напрыклад, муж адной з кліентак пагражае дзяўчатам крымінальным артыкулам, але здольны забыцца на іх існаванне, калі атрымае гіганцкі водкуп.

Таму хімкінскія аферысткі пагаджаюцца прыняць здольнасці, не разумеючы цалкам, што яны сапраўды атрымаюць тыя дары. А калі ўсё ж іх атрымліваюць, усведамляюць, што на іх здольнасці палюе нехта яшчэ.

З пачуццём гумару ў сцэнарыстаў гэтай камедыі складана. Напрыклад, вось вам адзін з жартаў. Вядзьмарка вырашае выклікаць дух іншай вядзьмаркі-нябожчыцы, але мае толькі яе імя — Праскоўя. Але на тое імя адгукаецца не сама вядзьмарка, а іншыя Праскоўі, якіх у расійскай гісторыі было багата, і вядзьмарка мусіць іх усіх цярпець.

Ды і ўвогуле, «Хімкінскія вядзьмаркі» — невыносна пусты і бессэнсоўны серыял. Гэта гісторыя пра папулярны наратыў у постсавецкай ментальнасці, калі махлярыць па дробязі цалкам нармальна. Маральную мяжу пры гэтым ставіць сам чалавек, часта ён і не лічыць сябе махляром: маўляў, трохі абышоў сістэму, крадзе ў багатых, ды і проста не трапіўся, а гэта галоўнае.

Гэтая гісторыя шмат каму знаёмая. А калі сам прайшоў праз такі досвед, лягчэй атаясаміць сябе з аналагічнымі персанажамі, то-бок і паперажываць за іх.

Фота: кадр з трэйлера

Але галоўнае не гэта. «Хімкінскія вядзьмаркі» задавальняюць характэрную для шмат каго прагу. Калі жыццё і так складанае, ёсць два варыянты: альбо пагрузіцца ў палітыку і навіны, спрабуючы захаваць ілюзію кантролю, альбо адчайна шукаць спосабы адцягнуць увагу. 

У стваральнікаў «Хімкінскіх вядзьмарак» атрымалася, па сутнасці, нясмешная камедыя з гераінямі, якія не чапляюць, і з сюжэтам, які не мае вялікага сэнсу. Але ў гэтым і сакрэт папулярнасці праекта.

Аматары такіх фільмаў і серыялаў называюць іх лёгкімі. Іх можна ўключыць нават фонам і не зважаць увагі на дэталі сюжэту, бо ўсё роўна, калі толькі не паглядзіш на экран, там будзе адно і тое ж: шаптухі выклікаюць духаў і задзёрыста бегаюць ад пераследнікаў у адзенні, за якое сапраўдныя вядзьмаркі адправілі б іх на вогнішча.

Рускамоўная аўдыторыя серыял ацаніла: напрыклад, на «Кінапошуку», буйным расійскім кінарэсурсе, у праекта салідны рэйтынг — 8,1 бала. Такі вось прадукт у духу сучаснай рэальнасці.

Чытайце таксама:

Што за серыял «Бар «Адзін званок», які масава шукаюць беларусы?

На Netflix выйшаў другі сезон польскага серыяла пра шляхту «1670». Гэтая сатыра вам спадабаецца

Зорка «Шэрлака» ззяе ў чорнай камедыі — будзе шмат брытанскага гумару і рамантыка наадварот

Каментары да артыкула