Беларускім фірмам дазволілі атрымліваць ад іншаземцаў наяўную валюту не толькі за экспарт
У Беларусі пачало дзейнічаць новае правіла, якое спрашчае вядзенне знешнеэканамічнай дзейнасці. Бізнэс цяпер мае больш магчымасцяў працаваць з замежнай валютай наяўнымі. Гэта прадугледжана сумеснай пастановай Савета Міністраў і Нацбанка.
Фота ілюстрацыйнае
Раней, згодна з нормай 2022 года, беларускія кампаніі маглі атрымліваць наяўныя даляры ЗША, еўра і юані толькі па экспартных аперацыях. Цяпер, з 13 лістапада, гэтае права распаўсюджана і на імпартныя здзелкі.
Каб юрыдычныя асобы — рэзідэнты маглі атрымаць замежную валюту ад нерэзідэнтаў, неабходна:
- заключыць з імі дамову;
- дамова павінна быць звязана з экспартам або імпартам;
- валюту трэба атрымаць у тэрміны, прадугледжаныя гэтай дамовай.
Атрыманыя грошы трэба ўнесці ў касу арганізацыі, перадаць інкасатарам або здаць у абслугоўваючы беларускі банк не пазней чым праз адзін працоўны дзень пасля ўвозу валюты ў краіну.
Акрамя пашырэння пераліку аперацый, працягнулі і тэрмін дзеяння гэтай меры: калі раней яна дзейнічала да канца 2025 года, то цяпер — да 31 снежня 2026 года.