БЕЛ Ł РУС

«Каля паловы ў чарзе ў ДАІ — расіяне». Расіяне ў чарговы раз ламануліся ў Беларусь па люксавыя машыны

12.11.2025 / 19:58

Nashaniva.com

Здаецца, гэта будзе апошні рывок. Вось што расказваюць.

Ілюстрацыйны здымак. Скрыншот: ютуб-канал av.by

«Куплялі шмат BMW, Mercedes, Audi»

Ужо не першы месяц у Беларусі назіраецца павышаны попыт на аўтамабілі з боку расіян.

Мужчына, які ў пачатку месяца здымаў аўто з уліку ў ДАІ, кажа, што каля паловы людзей у чарзе былі расіянамі.

«На аглядзе таксама было шмат рускіх, якія куплялі даволі дарагія аўто — шмат BMW, Mercedes, Audi, Range Rover», — дзеліцца назіраннямі беларус.

Адбываецца гэта на фоне таго, што расійскія ўлады чарговы раз вырашылі пераглядзець стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі — гэтым разам на машыны з маторамі магутнасцю больш за 160 к.с. Спачатку планавалася, што новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору будуць дзейнічаць з 1 лістапада 2025 года, але пазней дату ўвядзення новых нормаў перанеслі на 1 снежня.

Перанос згуляў на руку беларускім прадаўцам. Прыгнаць за месяц аўто з Еўропы, ЗША ці Карэі расіяне ўжо не паспеюць, таму перш за ўсё яны ламануліся ў Беларусь.

Цэны вырастуць больш чым істотна

У адрозненне ад папярэдніх змен, калі павышаны ўтыльзбор можна было абысці, размытніўшы аўто адразу ў РФ на фізічную асобу або пачакаўшы, пакуль машына правядзе год у Беларусі ці іншай краіне ЕАЭС, цяпер усё гэта не мае значэння.

Для машын ва ўзросце да трох гадоў мінімальны прырост утыльзбору складзе 750 тысяч расійскіх рублёў (каля $9 200), а для старэйшых за тры гады — 1 244 000 рублёў (каля $15 300).

Для аўтамабіляў з маторамі магутнасцю да 160 к.с. нічога не змяняецца, і расіяне змогуць і далей плаціць капеечны (да 70 даляраў) льготны ўтыльзбор.

Таму цяпер у першую чаргу выграбаюць аўтамабілі, якія ўжо больш за год у Беларусі і маюць больш за 160 конскіх сіл.

Ілюстрацыйны здымак: «Наша Ніва»

На тое, што расіяне масава скупаюць машыны ў Беларусі, паказвае і сітуацыя на аўтарынку «Малінаўка». Блогеры-падборшчыкі ўжо неаднаразова заўважалі, што на рынку застаецца ўсё менш аўтамабіляў, якія падыходзяць для экспарту ў Расію.

«Раней за месяц у нас з пляцоўкі ў Расію магло паехаць 2‑5 машын, а за кастрычнік прадалі 17»

Уласнік аўтакаміса, з якім пагутарыла «Наша Ніва», таксама адзначае, што апошнім часам кліентаў з РФ стала значна больш.

«Калі яшчэ ў першай палове года за месяц у нас з пляцоўкі ў Расію магло паехаць 2‑5 машын, то з восені такіх пакупнікоў стала нашмат больш. Толькі за кастрычнік у РФ мы прадалі 17 аўто, і ў гэтым месяцы будзе ўжо каля дзесяці», — дзеліцца назіраннямі ўласнік аўтакаміса.

З яго слоў, апроч аўто з маторамі магутнейшымі за 160 к.с., ён прадаў і некалькі варыянтаў з больш слабымі рухавікамі.

«Адзін з такіх пакупнікоў сказаў, што сёння падымаюць утыль на адны аўто, а заўтра падымуць на іншыя, таму вырашыў паспяшацца», — згадвае суразмоўца.

Выбар абмежаваны

Колькасць машын, прададзеных у Расію, магла б быць большай, але выбар абмежаваны.

«Я чуў, што некаторыя нават пакупаюць аўто, якія прывезеныя менш як 12 месяцаў таму, і плацяць камерцыйны ўтыль, бо ён усё адно меншы за новыя стаўкі. Але асноўная маса, канечне, шукае машыны, якія больш як год у Беларусі.

А паколькі выбар такіх аўто абмежаваны, то продажы не такія вялікія, як, напрыклад, былі падчас мінулых зменаў у Расіі, калі не мела значэння, калі машына была размытненая ў Беларусі», — кажа ўласнік аўтакаміса.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула