Манергейм: чалавек, які з расійскага разведчыка ператварыўся ў выратавальніка Фінляндыі ад Расіі
Яму давялося паслужыць Расіі і пабыць прэзідэнтам Фінляндыі. Сярод сучаснікаў яго параўноўваюць і з Уладзімірам Зяленскім і, асабліва, з генералам Залужным. Але яго гісторыя іншая — гэта перадусім гісторыя вернасці службовым абавязкам.
Карл Густаў Эміль Манергейм у 1939 годзе. Фота: Fox Photos / Hulton Archive / Getty Images
Карл Густаў Эміль Манергейм паходзіў з вядомага ў Фінляндыі шведскага дваранскага роду. Прадзед маршала, Карл Эрык Манергейм, быў кіраўніком групы фінскіх дэпутатаў, якія пасля расійска-шведскай вайны 1808—1809 гадоў паехалі ў Пецярбург, каб дамовіцца з царом Аляксандрам I аб аўтаноміі Фінляндыі.
Карл Густаў Эміль Манергейм нарадзіўся 4 чэрвеня 1867 годзе ў радавым маёнтку непадалёк ад губернскага горада Аба (Турку). Бацька Манергейма, граф Карл Роберт Манергейм (1835—1914) быў прадпрымальнікам, пісаў вершы і п'есы, часта граў у спектаклях. Сын успадкаваў ад яго частку талентаў і, ужо стаўшы маршалам, забаўляў вузкае кола даволі дакладнымі пародыямі на вядомых людзей.
Карл Густаў быў толькі трэцім сынам графа, таму ў спадчыну атрымаў тытул барона.
Маці, Хедвіга Шарлота Хелена фон Юлін, была дачкой багатага прамыслоўца. Яна прывучала дзяцей да спартанскага ладу жыцця. Гэта называлася англійскім выхаваннем: брусы, цвёрдыя матрацы, абліванне халоднай вадой. Аскетычнага ладу жыцця Карл Густаў не адрокся да самай глыбокай старасці.
Карл Густаў Эміль Манергейм (стаіць справа) разам са сваімі братамі і сёстрамі. Прыкладна 1880 год. Фота: Wikimedia Commons
Калі хлопчыку было 13 гадоў, яго бацька распусціў усе грошы (ён быў азартным гульцом) і выехаў у Парыж з палюбоўніцай. Сямейны маёнтак быў прададзены за даўгі. Маці з сямю дзецьмі перабралася да цёткі. Праз год яна нечакана памерла ад сардэчнага прыступу. Дзецям давялося расці пад апекай іншых людзей. Законным апекуном Карла Густава стаў родны брат маці.
У 1882 годзе 15‑гадовы Карл Густаў паступіў у Фінляндскі кадэцкі корпус у горадзе Фрыдрыхсгам. Аднак вучоба адразу не задалася. У чэрвені 1883 года ён набраў усяго сем балаў з дванаццаці магчымых на экзамене і быў пакінуты ў класе на другі год.
Тым не менш, гэты дадатковы год пайшоў яму на карысць: ужо на наступны год Карл Густаў паказаў другі вынік, бліскуча засвоіўшы французскую і шведскую мовы, а таксама гісторыю, хоць руская і фінская мовы даваліся яму значна горш. Роднай для яго была шведская.
Юнак марыў пра Пажаскі корпус у Санкт-Пецярбургу, куды прымалі толькі спадчынных дваран. Хоць бацька Карла Густава па намове сына падаў дакументы, дырэктар акадэміі не рэкамендаваў юнака, сцвярджаючы, што яго веды французскай і рускай недастатковыя. Атрымаўшы адмову, Карл Густаў упаў у глыбокую дэпрэсію.
Карл Густаў Манергейм у 1885 годзе. Фота: is.fi
Пра маладога кадэта ў тыя дні яго бабуля Ева казала з горыччу:
«Ягоная будучыня, безумоўна, выглядае змрочна. Ён, здаецца, не мае ні амбіцый, ні разумення таго, што трэба працаваць над сабой і вучыцца ў кадэцкай школе, каб мець магчымасць самастойна стаць на ногі».
Дэпрэсія Манергейма неўзабаве вылілася ў адкрыты бунт супраць дысцыпліны, і 22 ліпеня 1886 года яго адлічылі.
Паводле ўспамінаў самога барона, ён пакінуў корпус без дазволу і правёў ноч у доме знаёмага рэгістратара — 35‑гадовага намесніка суддзі Хуга Эльфгрэна. Раніцай яго там знайшоў афіцэр школы.
Паводле пратакола пасяджэння камісіі па адукацыі кадэцкага корпуса Манергейм «пакінуў школу ўначы ў суправаджэнні чалавека сумнеўнай рэпутацыі і накіраваўся да яго за горад». Гэтым чалавекам быў начальнік тэлеграфнай станцыі Агатон Ліндхольм, які, паводле чутак, мог быць гомасексуалам. У пісьмовым заключэнні згадваліся таксама «амаральныя адхіленні і ганебная распуснасць» барона.
Навучальная установа магла ўжыць супраць юнака самую строгую меру пакарання — поўнае адлічэнне без права навучання ў якой-небудзь фінскай навучальнай установе. Аднак рада правяла галасаванне і вырашыла дзейнічаць мякчэй: адлічыць яго пры ўмове, што з боку сям’і барона будзе пададзена адпаведная заява.
Карл Густаў вырашыў стаць кавалергардам і паступіць у Мікалаеўскае кавалерыйскае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу. Для паступлення патрабавалася здаць універсітэцкі экзамен і валодаць рускай мовай. На працягу года юнак вучыўся ў прыватным ліцэі і вясной 1887 года здаў экзамены ў Аляксандраўскім універсітэце, а летам выехаў у Харкаў да свайго сваяка, дзе некалькі месяцаў займаўся мовай з выкладчыкам.
Карл Густаў Манергейм у Харкаве. 1887 год. Фота: mannerheimmuseo.finna.fi
У вучылішчы юнак хутка трапіў у пяцёрку найлепшых вучняў. У галоўным жа прадмеце, верхавой яздзе, яму ўвогуле не было роўных, ён першым на курсе атрымаў шпоры. Праўда, з-за свайго высокага росту (193 сантыметра) Манергейм часта выпадаў з сядла і што-небудзь сабе ламаў. У 1943 годзе ён, атрымаўшы чарговы пералом, тлумачыў медыкам у шпіталі, што гэта 14‑ы пералом за яго жыццё.
Яфрэйтар Манергейм ў Мікалаеўскім кавалерыйскім вучылішчы. Фота: Wikimedia Commons
Вучылішча Карл Густаў скончыў у 1889 годзе. І адправіўся на службу ў 15‑ы драгунскі Александрыйскі полк, які быў раскватараваны ў польскім Калішы.
У студзені 1891 года ён паступіў на службу ў Кавалергардскі полк у Пецярбургу, а за шэсць гадоў — у 1897 годзе — узначаліў Прыдворную стайню, застаўшыся ў спісах Кавалергардскага палка. На новай пасадзе ён атрымаў дзве казённыя кватэры — у сталіцы і ў Царскім Сяле.
Як чалавек, што набываў элітных коней для імператара, ён шмат падарожнічаў па Еўропе, спалучаючы працу з захапленнем фатаграфіяй.
У чыне ротмістра ў 1904 годзе Манергейм добраахвотна адправіўся на фронт Руска-японскай вайны. Падчас Мукдэнскай бітвы ён выратаваў ад гібелі трэцюю пяхотную дывізію. За адвагу афіцэр быў узведзены ў чын падпалкоўніка і ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4‑й ступені.
Асабістае жыццё
Як згадваюць сучаснікі Манергейма, ён быў высокага росту, стройны і моцны, меў высакародную паставу, шляхетную манеру трымацца і выразныя рысы твару. Да таго ж ён быў цудоўным вершнікам і стралком, галантным кавалерам, цікавым суразмоўцам і выдатным знаўцам кулінарнага мастацтва.
Як чалавека, Манергейма адрознівалі тры захапленні. Першым з іх былі скачкі. Падчас службы ў Пецярбургу Густаў завёў пародзістых коней, якія бралі прызы на скачках і аглядах. Часта ў якасці наезніка выступаў ён сам.
Іншае захапленне ў Густава было такое ж, як у яго бацькі — карты.
А трэцяе — жанчыны, якія ў выніку разбурылі яго шлюб.
Карл Густаў ажаніўся ў 1892 годзе з Анастасіяй Арапавай. Пагаворвалі, што гэта быў шлюб па разліку. У 1893 годзе ў іх нарадзілася дачка Анастасія. А ў ліпені 1894 года падчас родаў памёр нованароджаны сын. У адносінах мужа і жонкі пачынаецца разлад.
Анастасія Арапава ў 1896 годзе. Фота: Wikimedia Commons
У сакавіку 1895 года Манергейм знаёміцца з 40‑гадовай графіняй Лізаветай Шувалавай, з якой будзе доўга падтрымліваць рамантычную сувязь.
У ліпені 1895 года ў сям’і нараджаецца другая дачка Соф’я. А ў 1901 годзе Анастасія запісалася на курсы медыцынскіх сясцёр і ў пачатку верасня ў складзе санітарнага цягніка з’ехала на Далёкі Усход. У лютым 1902 года яна вярнулася ў Пецярбург і некаторы час Манергейм быў «ідэальным мужам». Але ўжо ў 1903 годзе Анастасія, забраўшы дачок, выехала ў Францыю, не паведаўшы пра гэта мужу. Шлюб афіцыйна быў скасаваны толькі ў 1919 годзе. А сустрэнуцца яны толькі аднойчы — у 1936 годзе у Парыжы.
Манергейм застаўся адзін з афіцэрскім заробкам і вельмі вялікай колькасцю даўгоў (у тым ліку картачных). Графіня Шувалава, муж якой да гэтага часу раптоўна памёр, настойвала на «грамадзянскім шлюбе» з баронам. Некаторыя гісторыкі адзначаюць, што менавіта з-за боязі наступстваў такога кроку Манергейм адправіўся на расійска-японскую вайну.
Акрамя графіні Шувалавай, каханкамі Манергейма лічыліся праслаўленыя балерыны Кацярына Гельцэр і Тамара Карсавіна. Яго пазнейшая пасія, польская арыстакратка княгіня Любамірская, успамінала пра захапленні фельдмаршала так:
«Густаў быў чалавек, які лёгка захапляецца, ніколі і нічым не ўмее даражыць».
Але факт застаецца фактам, што з усімі сяброўкамі ён захоўваў пасля разрыву добрыя адносіны.
Разведчык і дыпламат
Пасля вайны з Японіяй Манергейм атрымаў вядомасць і як разведчык. У 1906 годзе ён стаў удзельнікам экспедыцыі ў Кітай, які ў той час рэфармаваў армію.
За два з паловай гады Манергейм праехаў 14 000 кіламетраў конна, нанёс на карту раёны, дзе раней не бываў ніводзін еўрапеец, сабраў вялікую калекцыю старажытнасцяў. Улетку 1908 года ён прыбыў у Пекін і, наведаўшы па дарозе Японію, вярнуўся па чыгунцы ў Пецярбург.
Палкоўнік Манергейм у расійскім консульстве. Кашгар. Верасень 1906 года. Фота: Wikimedia Commons
Вынікам экспедыцыі стала складанне падрабязнай карты Кітая, апісанне дваццаці кітайскіх гарнізонных гарадоў, а таксама план захопу дзвюх паўночных кітайскіх правінцый у выпадку вайны.
Акрамя разведвальнай інфармацыі, Манергейм прывёз і шмат навуковага матэрыялу. Напрыклад, ён першым знайшоў узоры мангольскага квадратнага пісьма, уведзенага калісьці ханам Хубілаем, які кіраваў у XIII стагоддзі мангольскай дзяржавай Юань, у склад якой уваходзіў Кітай.
З 1909 года ён камандаваў 13‑м уланскім Уладзімірскім Яго Імператарскай Высокасці Вялікага князя Міхаіла Мікалаевіча палком, які стаяў у цяперашнім Мінску-Мазавецкім за 40 кіламетраў ад Варшавы.
У 1911 годзе Манергейма прызначылі камандзірам лейб-гвардыі ўланскага Яго Вялікасці палка, які размяшчаўся ў Варшаве, з прысваеннем звання генерал-маёра Імператарскай світы.
«Асабістых кантактаў паміж рускімі і палякамі было вельмі мала, і падчас маіх зносін з палякамі на мяне глядзелі недаверліва», — успамінаў Манергейм у сваіх мемуарах.
Але ён крута змяніў стан рэчаў, узяўшы за аснову конны спорт. Манергейм стаў членам Варшаўскага скакавога таварыства, уступіў у элітны паляўнічы клуб. Генерал-маёра прымалі ў сваіх дамах Радзівілы, Замойскія, Патоцкія. А найлепшымі сябрамі сталі князь Здзіслаў Любамірскі і яго жонка Марыя Любамірская.
Карл Густаў Манергейм на іпадроме ў Макотаве пад Варшавай. Фота: mannerheimmuseo.finna.fi
Жыццё ў свецкай Варшаве патрабавала вялікіх грошай, і Манергейм перыядычна наведваў іпадром, дзе інкогніта выстаўляў сваіх скакуноў на спаборніцтвы, бо старшым афіцэрам гвардыі гэта рабіць было забаронена.
Шлях да незалежнасці Фінляндыі
1 жніўня 1914 года Германія абвясціла вайну Расіі. 2 жніўня Асобная гвардзейская кавалерыйская брыгада сабралася пад Люблінам, адкуль лейб-гвардыі Уланскі полк конным парадкам прайшоў у горад Краснік. 17 жніўня Манергейм атрымаў загад утрымаць гэты горад. За выкананне загаду ён быў узнагароджаны залатой Георгіеўскай зброяй.
У 1916 годзе Карл Густаў як камандзір 12‑й кавалерыйскай дывізіі ўдзельнічаў у Брусілаўскім прарыве. Але ў пачатку 1917‑га года ён апынуўся ў Петраградзе, у самым цэнтры рэвалюцыі, якая пачалася. Ён вымушаны быў выехаць з тылу, што раскладаўся, у Маскву, адкуль ізноў адправіўся на фронт, які таксама імкліва распадаўся.
Там ён спрабаваў падняць военачальнікаў на рашучыя дзеянні, але ўсе яны як адзін баяліся грамадзянскай вайны і спадзяваліся, што Часовы ўрад сам навядзе парадак.
З Фінляндыі даходзілі тыя самыя весткі: смута, голад, развал. Манергейм зразумеў, што выратаваць Імперыю, якой ён прысягаў, ужо немагчыма, і вырашыў паспрабаваць выратаваць сваю малую радзіму, дзе ўсё гучней і гучней раздаваліся галасы ў падтрымку незалежнасці ад Расіі.
Перад самым Кастрычніцкім пераваротам 1917 года Манергейм чарговы раз зламаў нагу, пад гэтай нагодай звольніўся з Расійскай арміі і 18 снежня 1917 года вярнуўся ў Фінляндыю, якая незадоўга да гэтага, 6 снежня, абвясціла незалежнасць.
Савет народных камісараў Расіі, кіраваны Леніным, прызнаў незалежнасць Фінляндыі 31 снежня 1917 года, пасля чаго з такой жа заявай выступілі ўрады цэлага шэрагу еўрапейскіх краін. Аднак у краіне пачалася грамадзянская вайна. Сенату, які абапіраўся на шуцкорны («ахоўныя атрады») супрацьстаяў Савет народных упаўнаважаных, які сфарміраваў Чырвоную гвардыю.
16 студзеня 1918 года старшыня Сената Пер Свінхувуд прызначыў Манергейма камандаваць яшчэ не створанай арміяй. У былога расійскага афіцэра-манархіста з'явілася выдатная магчымасць расправіцца з чырвонымі хаця б на сваёй радзіме.
Карл Густаў Манергейм у 1918 годзе. Фота: Wikimedia Commons
У яго было толькі 24 000 нядаўна прызваных, пераважна непадрыхтаваных людзей. Фінская Чырвоная гвардыя, якую ўзначальваў Кулерва Манер і якая мела падтрымку Савецкай Расіі, налічвала 30 000 чалавек. Таксама ў Фінляндыі знаходзілася 70 000 чырвонаармейцаў.
Армія Манергейма фінансавалася за кошт крэдытнай лініі на пятнаццаць мільёнаў марак, адкрытай банкірамі.
Неабстраляныя рэкруты мелі мала зброі. Тым не менш, Манергейм павёў іх на Ваасу, дзе размяшчаўся гарнізон з 42 500 чырвонаармейцаў. Ён атачыў расійскі гарнізон. Абаронцы не маглі бачыць, што толькі першы шэраг быў узброены, таму яны здаліся, перадаўшы фінам так востра неабходную зброю. Дадатковую зброю паставіла Германія. У сакавіку на дапамогу «белафінам» прыйшлі нямецкія войскі.
У красавіку 1918 года здаўся апошні аплот чырвоных — Выбарг, адкуль уцёк рэвалюцыйны ўрад, які раней эвакуяваўся з Гельсінгфорса (цяперашнія Хельсінкі). 15 мая 1918 года жорсткая грамадзянская вайна, падчас якой абодва бакі выкарыстоўвалі бязлітасную тактыку тэрору, скончылася і Манергейм пакінуў пост галоўнакамандуючага.
У чэрвені 1918 года ён пакінуў Фінляндыю, каб наведаць сваякоў у Швецыі. У Стакгольме Манергейм вёў перамовы з дыпламатамі краін Антанты, падкрэсліваючы сваю нязгоду з палітыкай фінскага ўрада, які быў упэўнены ў перамозе немцаў у вайне і таму абраў швагра кайзера Вільгельма II Фрыдрыха Карла Гесэнскага каралём Фінляндыі. Да таго часу, як адбыдзецца каранацыя, Свінхувуд быў вызначаны першым рэгентам.
У кастрычніку 1918 года фінскі ўрад адправіў Манергейма ў Вялікабрытанію і Францыю, каб ён паспрабаваў дабіцца прызнання незалежнасці Фінляндыі з боку Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў. У снежні яго адклікалі назад у Фінляндыю. Фрыдрых Карл адрокся ад трона, а Свінхвуд падаў у адстаўку. Замест яго рэгентам быў абраны Манергейм.
Регент Фінляндыі Карл Густаў Манергейм (сядзіць) са сваімі ад'ютантамі. Фота: Wikimedia Commons
На гэтай пасадзе Манергейм дамогся прызнання незалежнасці Фінляндыі з боку Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў. У ліпені 1919 года, пасля таго як была прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Фінляндыю рэспублікай, Манергейм балатаваўся ў якасці кандыдата на першых прэзідэнцкіх выбарах, аднак прайграў.
Пасля гэтага Манергейм пайшоў у адстаўку, падарожнічаў па Еўропе, адкрыў кавярню у самым паўднёвым фінскім горадзе Ханка, якая хутка стала папулярнай і прыцягвала знакамітых гасцей — сярод іх былі нават прадстаўнікі каралеўскай сям’і Нідэрландаў.
«Лінія Манергейма»
Карл Густаў фон Манергейм вярнуўся ў палітыку толькі ў 1931 годзе, стаўшы кіраўніком Рады абароны Фінляндыі і камандзірам усіх добраахвотніцкіх шуцкораўскіх атрадаў, якія па колькасці ўтрая пераўзыходзілі рэгулярную армію. Праз 2 гады Манергейм атрымаў чын фельдмаршала.
Да 1930‑х гадоў фінскія палітыкі лічылі, што новая вайна ў Еўропе немагчымая, і не хацелі павялічваць вайсковыя выдаткі. Манергейм думаў інакш. Ён бачыў і ўзмацненне фашызму ў Германіі, і імкненне СССР саветызаваць суседнія краіны. Ён быў цвёрда перакананы ў тым, што пакуль ва ўладзе ў СССР знаходзіцца ўрад бальшавікоў, сітуацыя ў ім цягне за сабой самыя сур’ёзныя наступствы для ўсяго свету, у першую чаргу для Фінляндыі.
Даказваючы, угаворваючы, нават пагражаючы, Манергейм летам 1939 года дамогся рашэння ўладаў аб выдзяленні сродкаў для мадэрнізацыі сістэмы ўмацаванняў, пабудаванай у 1920‑х гадах («лініі Энгеля») на Карэльскім перашыйку.
Карл Густаў Манергейм у 1937 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Адначасова летам таго ж года ў краіне зарадзіўся народны рух па будаўніцтве на добраахвотных асновах абарончых збудаванняў. На працягу чатырох летніх месяцаў за кошт адпачынкаў фіны на найбольш уразлівых у выпадку агрэсіі ўчастках пабудавалі, галоўным чынам, супрацьтанкавыя перашкоды. Удалося таксама стварыць і каля двух дзясяткаў доўгачасовых кулямётных гнёздаў, што ўсё разам пазней атрымала неафіцыйную назву «Лінія Манергейма».
Бетонны бункер, які захаваўся на паўвостраве Ханка ў Фінляндыі. Ён быў элементам «Лініі Манергейма». Фота: Karasev Victor / Shutterstock.com
Савецкая прапаганда ў сваіх мэтах пачала трубіць, што фіны будуюць абсталяваную па апошнім слове тэхнікі абарончую лінію небывалай трываласці.
З вясны 1938 года па восень 1939 года паміж СССР і Фінляндыяй ішлі перамовы аб дэлімітацыі мяжы шляхам абмену тэрыторыямі. Савецкі Саюз хацеў засцерагчы Ленінград, адсунуўшы далей мяжу, якая праходзіла ўсяго за 20 км ад горада, і прапаноўваў у абмен утрая большыя тэрыторыі ў Карэліі.
Але фіны лічылі непарушнасць межаў фундаментальным прынцыпам, бо калі пайсці на такі кампраміс раз, невядома, што Масква запатрабуе далей.
Перамовы зайшлі ў тупік, а 26 лістапада 1939 года здарыўся Майнільскі інцыдэнт, які паслужыў падставай для пачатку вайны, яка ўвайшла ў гісторыю як «зімовая».
29 лістапада з Фінляндыі адклікалі савецкіх дыпламатаў. Дыпламатычныя адносіны былі фактычна разарваныя. 30 лістапада войскі Ленінградскай вайсковай акругі перайшлі савецка-фінскую мяжу. У той жа дзень Манергейм быў прызначаны вярхоўным галоўнакамандуючым арміі Фінляндыі.
Цаной вялікіх ахвяр савецкія войскі захапілі Карэльскі перашыек і адсунулі мяжу на поўнач. Мірнае пагадненне было падпісанае 13 сакавіка 1940 года ў Маскве. Фінляндыя страціла 12% сваёй тэрыторыі — прычым самай развітай. Ваеннае становішча ў краіне не было адмененае.
Манергейм у гэты перыяд працягваў займацца мадэрнізацыяй арміі; было пачата будаўніцтва новай лініі ўмацаванняў, цяпер на новай мяжы. Гітлер звярнуўся да Манергейма як да саюзніка з просьбай дазволіць нямецкім войскам размясціцца на фінскай тэрыторыі. Такі дазвол быў дадзены, але пры гэтым Манергейм выступіў супраць стварэння аб’яднанага фінска-нямецкага камандавання.
Пасля масавага авіяналёту савецкіх самалётаў на фінскія гарады 25 чэрвеня 1941 года Фінляндыя ўступіла ў вайну. У сваім загадзе аб наступленні Манергейм пазначыў мэту — не толькі вярнуць сабе ўсе тэрыторыі, захопленыя СССР у ходзе савецка-фінскай вайны 1939—1940 гадоў, але і пашырыць межы Фінляндыі да Белага мора і да рэк Нява і Свір, далучыць Кольскі паўвостраў, заняць тэрыторыі, якія даўней засялялі фіна-вугорскія народы.
1 кастрычніка савецкія часткі пакінулі Петразаводск. У пачатку снежня фіны перарэзалі Беламорска-Балтыйскі канал. Далей, пасля безвыніковых спроб прабіцца праз Карэльскі ўмацаваны раён, Манергейм загадвае спыніць наступленне, фронт надоўга стабілізуецца. Фінскія войскі забяспечвалі блакаду Ленінграда з поўначы.
Карл Густаў Манергейм у 1942 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Улетку 44‑га года ўжо Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, адціскаючы фінаў і немцаў.
4 жніўня Манергейма на пасяджэнні парламента абралі прэзідэнтам краіны, а ўжо ў верасні ён заключыў з СССР мірнае пагадненне.
Сярод іншага, яно прадугледжвала, што Фінляндыя будзе дамагацца вываду са сваёй тэрыторыі германскіх войскаў. Немцы аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі нават захапіць адзін з фінскіх астравоў.
1 кастрычніка 1944 года фінскія войскі высадзілі дэсант на занятай немцамі тэрыторыі — пачалася вайна супраць Германіі.
Апошнія гады маршала Манергейма
Пасля вайны маршал і прэзідэнт Манергейм вельмі баяўся трапіць у лік абвінавачаных ваенных злачынцаў. Аднак з савецкага пасольства яму перадалі, што патрабаваць яго абвінавачвання ў іх планы не ўваходзіць. Больш за тое, аднойчы Сталін наўпрост сказаў фінскім дыпламатам, што іх краіна існуе толькі дзякуючы яе старому маршалу, і ім варта быць яму ўдзячнымі.
Але 4 сакавіка 1946 года Карл Густаў Манергейм пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, спаслаўшыся на хваробу.
Карл Густаў Манергейм пакідае Прэзідэнцкі палац 4 сакавіка 1946 года. Фота: Wikimedia Commons
Кіруючыся парадамі дактароў, Манергейм падарожнічаў па Паўднёвай Еўропе, падоўгу жыў у Швейцарыі, Італіі, Францыі. Знаходзячыся ў Фінляндыі, ён жыў у сельскай мясцовасці, з 1948 года пачаў працаваць над мемуарамі. У пачатку 1951 года двухтомнік успамінаў быў цалкам скончаны.
19 студзеня 1951 года ў сувязі з язвай страўніка маршалу зрабілі аперацыю. Праз некалькі дзён яго стан пачаў імкліва горшаць. У размове з доктарам Манергейм сказаў: «Я выйграў мноства бітваў, але гэтай мне ўжо не выйграць». Ён памёр увечары 27 студзеня 1951 года.
Чытайце таксама:
Лі Куан Ю: як за адно пакаленне цвёрдай рукой вывесці маладую краіну ў сусветныя лідары