БЕЛ Ł РУС

Анджэя Пачобута ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы

11.11.2025 / 14:30

Nashaniva.com

Ордэн уручаецца найбольш выбітным палякам і вышэйшым прадстаўнікам замежных дзяржаў.

У Дзень Незалежнасці прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўзнагародзіў Ордэнам Белага Арла, найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы, журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута, паведамляе Польскае радыё.

«Сёння Польшча дзякуе сваім найвыдатнейшым грамадзянам, чыіх жыццё з'яўляецца для палякаў прыкладам вялікага гонару», — сказаў прэзідэнт Караль Наўроцкі падчас цырымоніі ў Прэзідэнцкім палацы.

Прэзідэнт заявіў, што Ордэн Белага Арла, уручаны завочна без удзелу ўзнагароджанага, з'яўляецца таксама сімвалам пазіцыі польскай дзяржавы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

— Гэта сведчанне, што Польшча заўсёды будзе абараняць сваіх сыноў, тых, хто жыве для Польшчы, хто змагаецца за родную мову і каштоўнасць польскасці, для каго гэтыя каштоўнасці вартыя пакут у беларускай турме.

Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выдання «Gazeta Wyborcza». Ён быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года ў Гродне і праз два гады асуджаны на восем гадоў за нібыта меркаваную варожую дзейнасць і «распаўсюджванне нянавісці». Польшча гадамі дамагаецца яго вызвалення і нават закрыла пераход «Баброўнікі».

У гэтым годзе Анджэй Пачобут атрымаў прэмію Сахарава, якую Еўрапейскі парламент прысуджае асобам, якія зрабілі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека.

Ордэн Белага Арла — найстарэйшая і найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Польшча, якая ўручаецца за выдатныя грамадзянскія і ваенныя заслугі на карысць Рэспублікі Польшча. Ордэн уручаецца найбольш выбітным палякам і вышэйшым прадстаўнікам замежных дзяржаў.

Ордэн Белага Арла атрымаў таксама Вальдэмар Лысяк — польскі пісьменнік, журналіст і эсэіст. Сярод яго твораў — гістарычныя раманы. У сваёй журналістыцы ён супрацоўнічаў з правымі СМІ і называў сябе кансерватарам, неаднаразова крытыкуючы такіх асоб, як Лех Валэнса, Адам Міхнік і Яцэк Куронь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула