БЕЛ Ł РУС

Падчас візіту ў Аўстралію Святлана Ціханоўская перамяшчалася па Сіднэі на Uber

11.11.2025 / 10:2

Nashaniva.com

Пра гэта «Люстэрку» распавёў яе дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі. Паводле яго слоў, гэта выклікала вялікае здзіўленне ў аховы, якую ўлады краіны надалі для лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл.

Падчас паездкі ў Аўстралію Святлана Ціханоўская сустрэлася з высокапастаўленымі чыноўнікамі гэтай краіны: прэм’ер-міністрам Энтані Албанізам, міністрам замежных спраў Пэні Вонг і дэпутатамі парламента. Лідарка дэмсіл абмяркоўвала з імі сітуацыю ў Беларусі, падтрымку Украіны і санкцыі.

Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі адзначыў, што візіт праходзіў на высокім узроўні: палітыку далі дзяржаўную ахову «на ўзроўні прэм’ер-міністра і генерал-губернатара».

@nashaniva Ціханоўская ў Сіднэі ездзіла на Uber #беларусы #такси #тихановская #минск #беларусь ♬ Fighters - OctaSounds

— Гэта, з аднаго боку, прызнанне яе статусу, а з другога — клопат пра бяспеку, — адзначыў Кучынскі. — Аднак па дамоўленасці з аўстралійскім бокам транспарт мы павінны былі забяспечваць самі. У сталічнай Канберы нам вельмі дапамагала літоўскае пасольства, але ў Сіднэі сітуацыя выглядала інакш: лагістыка была цалкам на нашым забеспячэнні.

Паводле яго слоў, у гэтым горадзе Ціханоўская з калегамі вырашыла карыстацца таксі. Гэта выклікала непаразуменне ў мясцовай службы бяспекі.

— Мясцовая ахова была здзіўлена, калі даведалася, што дэлегацыя на чале з лідаркай дэмсіл будзе перамяшчацца па Сіднэі на… Uber. Але для нас гэта быў цалкам свядомы выбар — дзеля эканоміі часу і сродкаў, — тлумачыць Дзяніс Кучынскі. — Праграма была настолькі шчыльнай, што кожная хвіліна мела значэнне: перамовы, інтэрв’ю, дыскусіі, сустрэчы з беларускай дыяспарай. Звычайна падчас замежных паездак Святлана не перамяшчаецца на таксі, так могуць рабіць толькі члены дэлегацыі.

Дарадца Ціханоўскай дадаў, што такі фармат працы дазволіў быць максімальна прадуктыўнымі.

— Дарэчы, падчас адной з такіх паездак на Uber Святлана Ціханоўская нават дала інтэрв’ю аднаму з найбуйнейшых аўстралійскіх часопісаў — проста з задняга сядзення аўтамабіля. У цэлым гэта было вельмі характэрна для ўсяго візіту і асаблівасцей мясцовага пратаколу: мінімум помпы, максімум эфектыўнасці. Мы старалiся выкарыстоўваць кожную хвіліну, каб распавесці пра Беларусь і сустрэцца з тымі, хто можа падтрымаць нашу краіну, — падсумаваў ён.

Паводле слоў Кучынскага, за паездкі Ціханоўскай на Uber у Сіднэі дэлегацыя заплаціла каля 40 аўстралійскіх даляраў (каля 78 беларускіх рублёў па курсе Нацбанка на 10 лістапада).

Чытайце таксама:

«У вас жа той вар’ят-прэзідэнт». Як у Новай Зеландыі сустрэлі Ціханоўскую з камандай

Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Аўстраліі. Той быў з мілым дзіцячым бранзалетам на руце, а сышоў яшчэ і з БЧБ

Каментары да артыкула