БЕЛ Ł РУС

Патрыярх Кірыл звольніў кіраўніка РПЦ у Заходняй Еўропе за захапленне покерам

10.11.2025 / 15:47

Nashaniva.com

Мітрапаліта Корсунскага і Заходнееўрапейскага Нестара (Яўгенія Сіраценку) адхілілі ад кіравання экзархатам Заходняй Еўропы. Рашэнне прыняў кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) патрыярх Кірыл, спаслаўшыся на пачатак царкоўна-судовага разбору ў адносінах да архірэя.

Мітрапаліт Нестар у казіно. Фота: pokernews.com

Абавязкі Нестара часова перадалі мітрапаліту Разанскаму і Міхайлаўскаму Марку (Сяргею Галаўкову). Экзархат уключае ў сябе епархіі ў Францыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Ірландыі, Іспаніі, Швейцарыі, Партугаліі, Ліхтэнштэйне, Люксембургу і Манака.

Прычына суда не раскрываецца. Аднак «Новая газета Еўропа» высветліла, што незадаволенасць патрыярха выклікала захапленне Нестара покерам. Мітрапаліт на працягу многіх гадоў удзельнічае ў міжнародных турнірах па гэтай карткавай гульні пад сваім мірскім імем. Яго профіль ёсць у найбуйнейшай базе даных па жывым покеры. На партале Pokernews апублікаваныя фотаздымкі архірэя, зробленыя падчас турніраў. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі The Hendon Mob, сумарны выйгрыш Нестара за гады ўдзелу ў спаборніцтвах па покеры перавысіў $47 тысяч.

Вышэйшы агульнацаркоўны суд павінен ацаніць гэтыя факты, як і выкарыстанне святаром сродкаў РПЦ для гэтых мэт. Апостальскія правілы прадугледжваюць пазбаўленне сана за азартныя гульні. 50‑е правіла Лаадыкійскага сабору забараняе клірыкам нават наведваць месцы, дзе праводзяцца такія мерапрыемствы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула