БЕЛ Ł РУС

«Я не прысвойваў сабе мільён». 17‑гадовы блогер з Гродна, які збіраў грошы на лячэнне дзіцяці, распавядае сваю версію

10.11.2025 / 14:30

Nashaniva.com

Гродзенскія блогеры, 17‑гадовы Міхаіл і 37‑гадовая Яўгенія, якія сталі фігурантамі крымінальнай справы аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе. «Мы з Яўгеніяй сустрэліся пасля таго, як выйшлі з СІЗА. Погляды на тое, як нам паступаць далей, у нас разышліся: Яўгенія лічыць, што трэба маўчаць, а мне ж хочацца ўсё растлумачыць, як усё было. Я не прысвойваў сабе мільён, — распавёў Onliner Міхаіл. — У Дубай, не хаваю, зляталі за грошы інтэрактыву. На дваіх мы патрацілі $3000».

«Бацькі пра ўсё даведаліся з навін»

4 лістапада стала вядома пра затрыманне вядомых гродзенскіх блогераў, якія праводзілі інтэрактывы ў Instagram у падтрымку цяжка хворага хлопчыка Вані Сцяцэнкі. Абодва блогеры сталі фігурантамі крымінальнай справы аб махлярстве. Іх падазраюць у тым, што частка сабраных на лячэнне хлопчыка грошай была імі прысвоена. Гаворка ішла як мінімум пра мільён рублёў. Пасля трох сутак затрымання блогераў адпусцілі. Журналістам Onliner.by удалося асабіста пагаварыць з Міхаілам.

Хлопцу 17 гадоў, ён вырас у поўнай сям'і, са старэйшымі братам і сястрой.

— Я заўсёды адрозніваўся ад аднагодкаў, мне ўсе заўсёды зайздросцілі. Скончыў 11 класаў — і на гэтым усё. Зразумеў, што трэба рабіць тое, што падабаецца, таму і пайшоў у блог. Мне не важны быў заробак, важна было, каб людзі пра мяне даведаліся. І, думаю, у мяне гэта атрымалася.

Па словах маладога чалавека, блог ён пачаў весці два гады таму, калі яму было 15. У сакавіку 2024 года ён пазнаёміўся з Яўгеніяй, ужо вядомым гродзенскім блогерам з паўмільёнам падпісчыкаў.

 — Спісаліся з ёй праз Instagram, я спытаў кошт рэкламы ў яе канале і купіў. Пасля спісаліся па нейкіх агульных інтарэсах, сустрэліся і схадзілі на каву. Мы зразумелі, што ў нас ёсць агульныя бізнэс-інтарэсы, ёсць будучыня ў плане блога. Спачатку проста размаўлялі, а потым ужо стала ўсё пераходзіць у больш шчыльныя адносіны проста таму, што ў нейкі момант стала вельмі шмат у маім жыцці.

 — Бацькі ведалі пра вашыя адносіны?

 — Здагадваліся і адмоўна ставіліся да таго моманту, пакуль Е. не развялася. Пасля сталі ставіцца станоўча. Колькі гадоў розніцы паміж намі, бацькам было не важна, таму што такая ж сітуацыя і ў іх саміх: тата старэйшы за маму на 22 гады. Галоўнае, каб мне было добра.

 — Як вы прыйшлі да інтэрактываў у падтрымку Вані Сцецэнкі?

— Я і раней пастаянна ўкладваў у развіццё свайго блога: купляў гівы, рэкламу, здымаў ролікі. Улетку 2025 года даведаўся, што на прасторах інтэрнэту вельмі моцна форсіцца гісторыя Івана. У мяне ж была аўдыторыя, якая любіць падарункі, паколькі тэматыка блога была такая. Вані я і да гэтага дапамагаў без гэтых інтэрактываў — усе пра гэта выдатна ведалі. Тады вырашыў спытаць у мамы Вані, ці можна такое зрабіць, таму што думаў, што гэта прынясе нейкі вялікі плюс. Яна пагадзілася. Нейкіх канкрэтных лічбаў я сам не ведаў і ёй не называў, таму што гэта залежала не ад мяне, а ад удзельнікаў. Яна дала дабро, мы паспрабавалі, і ў нас атрымалася.

 — У чым была сутнасць інтэрактываў?

— Удзельнікам прадаваліся нумаркі. Адзін нумарок — 10 рублёў. Чалавек скідваў [грошы на карту] і меў шанец выйграць «айфон», машыну (у залежнасці ад таго, што разыгрывалася). Гэта была не стопрацэнтная дабрачынная акцыя ў дапамогу Ваню: я разыгрываў айфон і проста частку грошай з усяго аддаваў Вані. Слова «частка» не вызначаецца як працэнт нейкі, я нідзе не называў нейкіх працэнтаў. І ўжо пасля сам вырашаў, куды колькі пойдзе (у сюжэце МУС прагучала фраза «дай бог узяў сабе 1%»).

У падтрымку Вані Сцяцэнкі, са слоў М., было праведзена сем паўнавартасных інтэрактываў.

 — Абарот [грошай] быў прыкладна той, што яны [МУС] кажуць: 1,5 млн рублёў (са жніўня па лістапад было прададзена 150 тысяч нумаркоў), але выдаткі яны чамусьці не лічаць.

— Колькі за гэты перыяд вы разыгралі падарункаў для ўдзельнікаў?

 — Я падлічыў, што выдаткі на падарункі склалі прыкладна $400 тысяч, што эквівалентна крыху больш за мільён беларускіх рублёў. Я вось так вось налічыў, што мільён пайшоў толькі на падарункі. Вядома, нейкую частку, я гэтага не хаваў, пакінуў сабе і нейкую Вані пераводзіў альбо наўпрост, альбо гатоўкай уручаў.

«Разыгралі штук 200 «айфонаў» і дзевяць машын»

 — Можаце назваць суму, якую вы пакінулі сабе з гэтых інтэрактываў?

 — 20 тысяч даляраў.

— Хто аплачваў паездкі ў Дубай і на Мальдывы?

— Нешта аплачвала Яўгенія, нешта я. Мальдывы былі па частковым бартэры, і частка грошай была ў мяне і ў яе. У Дубай, не хаваю, зляталі за грошы інтэрактыву. На дваіх мы патрацілі $3 тысячы.

— Колькі «айфонаў» разыгралі і машын?

— Я думаю, прыкладна штук дзвесце, пачынаючы ад iPhone 16 і заканчваючы iPhone 17 Pro Max. Апошняя машына, якую мы разыгрывалі, была дзявятая па ліку.

— Вы рэальна дарылі машыны?

— Так. Усе пераможцы, якія былі вызначаны ў прамым эфіры, атрымлівалі свае машыны да пары да часу, пакуль не блакіраваліся карты. Патлумачу: з дзевяці машын зараз аддадзена толькі пяць. Гэта значыць, пяць уладальнікаў ездзяць на сваіх машынах. Яшчэ чатыры (гэтыя грошы ёсць, проста яны заблакіраваны) — я вельмі сумняваюся, што яны атрымаюць свае аўтамабілі.

 — Калі і чаму блакіраваліся грошы?

— Грошы блакіраваліся банкамі з-за таго, што паступалі на карты ў такім аб'ёме. Патлумачу: перш чым перавесці грошы з нумара МТС на рахунак аўтасалона за машыну, трэба было запытваць дазвол у міліцыі, на што была дадзена адмова. Нам сказалі, што мы можам толькі ўсю суму перавесці на дабрачынны рахунак.

— Пра якую суму ідзе гаворка?

 — Пра 170 тысяч рублёў, якімі мы хацелі аплаціць тры машыны Belgee (іх я разыгрываў у кастрычніку). 

— А да гэтага вам ухвалялі падобныя дзеянні?

— Раней мы проста здымалі грошы з карты і захоўвалі іх дома, каб аплаціць з гэтых грошай аўтамабілі. А ў кастрычніку вырашылі частку сродкаў перавесці на рахунак Вані, а частку на рахунак аўтасалона, каб аплаціць машыны.

 — Чаму, як думаеце, на вас звярнулі ўвагу?

 — Не ведаю, шчыра.

 — Можаце расказаць пра дзень затрымання?

— Мы з Е. ехалі ў міліцыю, каб напісаць заяву на маю знаёмую, у якой на карце былі 68 тысяч рублёў з нашага інтэрактыву. Яна чамусьці перажывала і не хацела пераводзіць грошы наўпрост Вані на дабрачынны рахунак, хоць я ёй усё тлумачыў. Я спрабаваў кожны дзень выйсці з ёй на сувязь і атрымліваў ігнор. І цярпенне як бы ўсё, скончылася: збор хутка павінен быў закрыцца, і гэтыя 68 тысяч былі б да месца, таму што гэта не мае грошы і не яе.

Калі нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, я спачатку падумаў, што гэта пранк ад Е. Пасля мяне затрымалі, пасадзілі ў бус і павезлі. Я да апошняга не ведаў, што і яе таксама затрымалі.

Думаю, Е. зараз знаходзіцца ў шоку. Калі ёсць нейкая віна, то яе там 1 працэнт, усе астатнія 99 — мае. Мне ўвогуле незразумела было, чаму яе затрымалі, калі праводзілася з маіх рук, а яна проста была як блогер, які распавядаў пра мяне ў выглядзе рэкламы.

— Чаму вы выкарыстоўвалі карты сяброў?

 — Таму што банкі ставілі абмежаванні на мае карты. У мяне не заставалася выхаду, таму што ішоў інтэрактыў, я не мог усё спыніць, і людзям не было б куды дасылаць свае грошы. І я хоць якісьці спосаб знайшоў: прасіў па чарзе сяброў і знаёмых даваць свае карты.

«Кватэру яна купіла яшчэ да інтэрактыву»

— У кадры аператыўнай здымкі трапілі гатовыя грошы ў кватэры, «айфоны», машына за $170 тысяч, новая кватэра. Можаце расказаць падрабязней пра гэта?

— Частка грошай і айфонаў, што ляжала дома, — гэта грошы і тэлефоны пераможцаў, якія яшчэ не паспелі выдаць. Гэта значыць ужо былі вядомыя ўладальнікі гэтых грошай і тэлефонаў, якія я павінен быў перавесці ці адправіць поштай. На рахунках у мяне грошы зараз ляжаць на аплату машын пераможцаў, і я хачу яшчэ перавесці Вані. Але пакуль яны [рахункі] заблакіраваны.

Што да кватэры, то я яе здымаў за паўтары тысячы, і мяне адтуль выгналі. Машына BMW — не мая і не Е. і не каштуе столькі, колькі там паказалі. Я ведаю, чыя гэта машына, але не хачу пра гэта гаварыць. Яе таксама канфіскавалі, хоць, паўтаруся, яна ніякага дачынення да нас не мае.

 — А кватэра ў элітным доме?

— Е. купіла кватэру яшчэ да пачатку інтэрактыву, як і машыну. Але ў яе ўвогуле канфіскавалі ўсё і заблакіравалі ўсе рахункі, пакуль яна не дакажа сваю рацыю.

 — Што зараз з Яўгеніяй?

— Яна на волі, з ёй усё добра, але я не магу казаць, дзе яна. Мы разам з ёй выходзілі з ізалятара, і ў яе свой пункт гледжання, а ў мяне свой на тое, як быць далей. Я лічу, што не артыкул «Махлярства» [павінен прымяняцца], а зусім іншы артыкул, за які штраф да 500 базавых, таму што гэта быў розыгрыш для зарэгістраваных [удзельнікаў] і проста [могуць даць] штраф за тое, што не ліцэнзаваны гэты розыгрыш.

— Як вашы бацькі паставіліся да таго, што з вамі здарылася?

— Яны мяне цалкам падтрымліваюць, не вераць таму, што пішуць у інтэрнэце. Яны наогул толькі ўвечары з навін даведаліся, што мяне затрымалі.

 — Гэтая гісторыя неяк паўплывала на вашыя з Е. адносіны?

— У яе была дзесьці крыўда на тое, што яна, як жанчына і як мама, правяла трое сутак у ізалятары. Па-першае, гэта было нечакана, і спачатку, я ўжо казаў, думаў, што затрымалі толькі мяне. У Е., вядома, не такі пункт гледжання, але я выйшаў на сувязь з людзьмі, каб паказаць і расказаць [як усё было на самой справе]…

— На якіх умовах вас адпусцілі?

— Пад падпіску аб нявыездзе да суда.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула