Сырскі расказаў, як расіяне даведаліся пра збор вайскоўцаў у Днепрапятроўскай вобласці. Загінулі 19 чалавек
Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што расіяне даведаліся пра вайсковы збор у Днепрапятроўскай вобласці 1 лістапада, дзе ў выніку ракетнага ўдару загінулі 19 чалавек, з групавога чата ўкраінскіх вайскоўцаў у сацыяльных сетках. Пра гэта расказала вядучая ТСН Ала Мазур у эфіры тэлемарафону са спасылкай на каментар Сырскага ёй, піша «Украінская праўда».
Аляксандр Сырскі. Фота з сацсетак
«Праблема не толькі ў тым, што была парушаная забарона на святкаванне на фронце, — сказаў галоўнакамандуючы. — Зноў быў групавы чат у сацыяльных сетках, і гэта ігнараванне банальных стандартаў бяспекі. Бо менавіта праз узлом сетак расіяне, хутчэй за ўсё, даведаліся пра сход, мяркуе Сырскі», — сказала вядучая.
Сырскі адзначыў, што на днях гэтая трагедыя абмяркоўвалася з камандзірамі корпусаў, і дысцыплінарныя рашэнні павінны звесці да нуля шанцы зноў падставіцца ворагу, расказала вядучая.
2 лістапада групоўка войскаў «Усход» паведаміла, што ў выніку варожага ўдару 1 лістапада ў Днепрапятроўскай вобласці сярод вайскоўцаў Узброеных Сіл ёсць загінулыя і параненыя.
Журналіст ТСН Дзмітрый Святненка паведаміў, што ягоны брат-вайсковец загінуў, калі расійская балістычная ракета ўпала на месца, дзе праходзіла цырымонія ўзнагароджання байцоў.
Супрацоўнікі Дзяржаўнага бюро расследаванняў паведамілі камандзіру батальёна аб падазрэнні паводле часткі 4 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса Украіны — халатнае стаўленне да вайсковай службы, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча.
8 лістапада Цэнтральны раённы суд Дняпра абраў яму меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, у выніку ўдару 1 лістапада загінулі 12 вайскоўцаў і 7 мірных жыхароў. Яшчэ 36 вайскоўцаў атрымалі раненні.