МЗС: Больш за тысячу літоўскіх фур у Беларусі перамесцяць на спецстаянкі ў раёне «Катлоўкі»
Літоўскія фуры, якія скапіліся на тэрыторыі Беларусі на пад’ездных шляхах да пунктаў пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі», у мэтах забеспячэння бяспекі і захаванасці перамесцяць у спецыяльна абсталяваныя месцы стаянкі ў раёне «Катлоўкі».
Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з далейшым развіццём сітуацыі на беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы, паведамляе БелТА.
«У сувязі з аднабаковым закрыццём Літвой пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы на тэрыторыі Беларусі скапілася звыш 1100 грузавых транспартных сродкаў літоўскіх перавозчыкаў. У мэтах забеспячэння бяспекі і захаванасці дадзеных транспартных сродкаў, сканцэнтраваных пераважна на пад’ездных шляхах да пунктаў пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі», беларускам бокам прынята рашэнне аб іх перамяшчэнні ў спецыяльна абсталяваныя месцы стаянкі ў раёне пункта пропуску «Катлоўка», — заявілі ў МЗС.
Кіроўцам прадастаўлена магчымасць пакінуць тэрыторыю Беларусі і перабрацца ў месцы свайго пастаяннага пражывання да прыняцця літоўскім бокам рашэння аб поўнамаштабным аднаўленні працы мяжы.
«Гатовыя аказаць неабходнае садзейнічанне тым кіроўцам, якія з тых ці іншых прычын не могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі», — адзначылі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.
«Падкрэсліваем, што ўсе дадатковыя выдаткі грузаперавозчыкаў, адпраўнікоў і атрымальнікаў грузаў у Літве, іншых дзяржавах Еўрапейскага саюза і за яго межамі выкліканыя выключна неабдуманымі, валюнтарысцкімі і палітызаванымі дзеяннямі літоўскіх улад», — заявілі ў МЗС.
Пасля закрыцця літоўскай мяжы ў Беларусі захраслі каля пяці тысяч літоўскіх фур.