БЕЛ Ł РУС

Лосік расказаў, як Бабарыку катавалі ў наваполацкай калоніі

9.11.2025 / 11:5

Nashaniva.com

9 лістапада палітвязень Віктар Бабарыка адзначае ў няволі ўжо шосты дзень народзінаў. Яму споўнілася 62 гады. Вядома пра яго цяпер вельмі няшмат. Ігар Лосік, які сядзеў у адной калоніі з Бабарыкам, у фэйсбуку расказвае пра яго стойкасць і сілу духу — нават у тых умовах, якія яму стварылі.

Віктар Бабарыка. Фота: LookByMedia

Мы з Віктарам Бабарыкам сядзелі на адным лагеры ў Наваполацку. Я быў у 7‑м атрадзе, а ён у 6-м. Размаўляць з ім нікому нельга было пад пагрозай паехаць у ШІЗА на 10 сутак.

Калі я заехаў, ён працаваў на пякарні, з ім у секцыі і на працы побач хадзілі спецыяльна падабраныя зняволеныя, якія сачылі за кожным ягоным крокам і бегалі ў аперчастку ўсё расказваць, калі што.

Нягледзячы на гэта, усё роўна знаходзіліся людзі, якія не баяліся і пагаварыць з ім, і гарбату разам папіць, хоць ён папярэджваў заўсёды, чым гэта пагражае.

У адзін дзень у лютым па нам прыйшла папера з упраўлення, і мы адначасова заехалі ў ШІЗА па выдуманых прычынах з наступным рэжымам інкамунікада і бясконцымі ПКТ па 6 месяцаў.

Калі я да ПКТ адседзеў запар 25 сутак ШІЗА, то над ім здзекаваліся: давалі 5 сутак, адпускалі пераначаваць на атрад, на наступны дзень зноў 5 сутак, і так шматразова. Саджалі з ім абсалютна неадэкватных людзей, сядзеў ён у асноўным у 10‑й камеры, яна трохмесная, вельмі маленькая і адна з самых халодных, а люты тады быў жорсткі, я, напрыклад, адмарозіў пальцы на нагах.

Да яго саджалі аднаго дзеда (прозвішча Жалевіч), які быў у поўным маразме і кідаўся ежай, маляваў на сценах сваімі фекаліямі і ўвогуле не разумеў, дзе ён і хто ён. Усім было зразумела, што яму засталося нядоўга, і ён неўзабаве памёр. Думаю, тыя некалькі ледзяных тыдняў у ШІЗА яго дабілі.

Дык вось, Віктар Дзмітрыевіч нягледзячы на ўсё гэта ніколі не губляў духу, усё выносіў стойка і з гонарам. Ні на якія саступкі не ішоў, нават улічваючы, што ў яго сын у закладніках. Потым мы даведаліся, што ён трапіў у бальніцу. Я чуў шмат версій, але самая распаўсюджаная была, што з-за пастаяннага недасыпу ад холаду і нечалавечых умоў, яму стала дрэнна ў дворыку для прагулак, ён упаў, зламаў рабро і яно яму праткнула лёгкае. Сцвярджаць не буду, таму што гэта не на 100% пацверджаная інфармацыя.

У мінулым годзе мне ўдалося яго мімалётна ўбачыць, і ён быў ВЕЛЬМІ худы. Сядзелі мы ў суседніх камерах з ім і яшчэ з Пачобутам побач. 2 гады пад пастаяннымі рапартамі з выдуманымі парушэннямі.

Напрыклад, каб даць яму парушэнне для таго, каб пасадзіць у чарговую ПКТ, у яго з сумкі ў кешарцы забралі адну шкарпэтку і далі 10 сутак за тое, што ў спісе асабістых рэчаў шкарпэтак пазначана больш. Такія вось подлыя пакасці ад садысцкай адміністрацыі Наваполацка.

Часам атраднік прыходзіць і кажа прама: табе трэба даць парушэнне, прыдумай сам за што))) У мяне ёсць у калекцыі рапарт за «выкарыстанне жаргоннай лексікі» за слова «кешарка».

Увогуле, у дзень нараджэння Віктара Дзмітрыевіча хачу сказаць, што ганарыўся знаходзіцца ў адным з ім месцы і шчыра скажу, што я ўпэўнены, што ніхто, уключна са мной, не чакаў ад яго такой стойкасці і сілы духу ў такіх умовах, якія яму стварылі.

Чакаем на волі!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула