Служба бяспекі Лукашэнкі не пускала простых мазырчукоў на мост цераз Прыпяць, пакуль той яго адкрываў
Усе падыходы да моста 6 лістапада падчас візіту Лукашэнкі былі ачэпленыя.
Звычайныя людзі не маглі трапіць на сам мост, пакуль яго адкрываў Лукашэнка. Пускалі толькі запрошаных. Скрыншот: сацсеткі
Служба бяспекі Лукашэнкі не дапусціла простых мазырчукоў на адкрыццё моста цераз Прыпяць, паведамляе «Флагшток».
У TikTok гараджане публікуюць відэа са скаргамі на тое, што ўсе падыходы да моста 6 лістапада падчас візіту Лукашэнкі былі ачэпленыя.
У выніку некалькі соцень мазырчукоў назіралі за цырымоніяй адкрыцця з набярэжнай з адлегласці некалькіх соцень метраў.
На самім мерапрыемстве ў якасці «простых жыхароў» прысутнічалі загадзя адабраныя і запрошаныя працаўнікі дзяржаўнай вертыкалі.
Лукашэнка на адкрыцці моста. Фота: БелТА
Адна з TikTok-блогерак у сваім жывым эфіры падбухторвала натоўп крычаць «Баць-ка!» падчас адкрыцця моста ў Мазыры.
Аднак яе ніхто не падтрымаў.
Пад відэа карыстальнікі таксама скептычна паставіліся да парыву мазыранкі. Самым папулярным каментаром стаў наступны: «Агоў, чаго вы чужога чалавека называеце бацькам?»