Маладога расійскага крыптамахляра, які скраў $500 мільёнаў і ўцёк, разам з жонкай жорстка забілі ў Эміратах
Раман Новак называў сябе сябрам Паўла Дурава і, прыкрываючыся яго імем, прыцягваў грошы ў праект для крыптапераводаў Fintopio.
Starhit.ru
Раман Новак з жонкай перасталі выходзіць на сувязь з роднымі месяц таму. Блізкія забілі трывогу, пачаліся пошукі. Следства выявіла, што Новака з жонкай выкралі з мэтай вымагальніцтва грошай. Але, не знайшоўшы жаданай сумы, выкрадальнікі жорстка расправіліся з імі, піша 112.
У пачатку кастрычніка іх тэлефоны яшчэ два дні фіксаваліся ў Хаце (эмірат Дубай) і Амане, а затым у Кейптаўне (ПАР). Пасля гэтага сігнал знік.
Целы забітай пары расчлянілі і расфасавалі па пакетах. Пакеты пакінулі ў розных кантэйнерах у ваколіцах гандлёвага цэнтра ў Хаце, паведамляе «Фонтанка».
Злачынцы ўжо затрыманыя, яны грамадзяне Расіі. У хуткім часе іх экстрадуюць у Санкт-Пецярбург.
Новак не раз трапляў у поле зроку СМІ і сілавікоў. Апошні раз ён, паводле папярэдніх даных, збег з 500 млн даляраў, узятымі ў інвестараў на развіццё бізнэсу.
У пары засталіся дзеці — па іх у Дубай прыляцеў бацька Ганны і забраў іх дадому.
Раман Новак запэўніваў інвестараў, што яго праект Fintopio — дадатак для крыптапераводаў — звязаны з буйнымі IT-кампаніямі і асабіста з Паўлам Дуравым. Прыцягваў буйныя інвестыцыі, паказваў «кантракты» з блізкаўсходнімі фондамі і фота з арабскімі прынцамі.
Дадатак Fintopio быў створаны ўкраінскімі распрацоўшчыкамі, якім Новак так і не заплаціў. Сярод падманутых — інвестары з Кітая, ААЭ, украінскія сілавікі і нават дэпутат Дзярждумы РФ.
У верасні сілавікі праводзілі масавыя ператрусы ў маскоўскіх крыптаабменніках у пошуках ягоных слядоў.