БЕЛ Ł РУС

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці

6.11.2025 / 21:59

Nashaniva.com

У МУС паведамілі, што гродзенскія блогеры Міхаіл Драгун і Яўгенія Тарасенка, якія збіралі грошы на лячэнне цяжкахворага дзіцяці, патрацілі частку сродкаў на дарагі аўтамабіль і кватэру ў элітным доме.

Як высветлілі сілавікі, пасля пачатку збору ахвяраванняў у сацыяльных сетках блогераў з’явіўся кантэнт пра «прыгожае жыццё». Падчас ператрусаў у іх жыллі знайшлі вялікую колькасць наяўных грошай і дарагую тэхніку. Для вываду сродкаў яны выкарыстоўвалі банкаўскія карты знаёмых.

«Яны набылі прэміум-аўто коштам у дзясяткі тысяч даляраў і кватэру ў элітным ЖК у абласным цэнтры. У жыллі знойдзена шмат наяўных грошай і дарагія гаджэты», — заяўляюць у міліцыі.

Як сцвярджае МУС, калі б грошы сапраўды пайшлі на лячэнне хлопчыка, то збор на яго патрэбы ўжо быў бы закрыты.

Ведамства апублікавала і відэа з затрыманымі, а таксама іх сябрамі і мамай дзіцяці, для якога быў арганізаваны збор. Жанчына ў роліку гаворыць, што падчас жывых эфіраў «проста сядзела побач» з партнёрам, а хлопец сцвярджае, што жыве на грошы, атрыманыя ад рэкламы. Па яго словах, з сабраных грошай ён узяў сабе «дай бог адзін працэнт», пасля паправіў на пяць працэнтаў. «Ну тысяч дзесяць даляраў — вось тое, што я сабе асабіста пакінуў», — заявіў ён урэшце.

Раней паведамлялася, што супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі затрымалі 17‑гадовага блогера Міхаіла Драгуна і яго 37‑гадовую сужыцельку Яўгенію Тарасенку. Тыя збіралі грошы, праводзячы розыгрышы сярод падпісчыкаў — за 10 рублёў можна было выйграць смартфон або аўтамабіль.

Усяго яны сабралі каля 1,5 мільёна рублёў, з якіх маці дзіцяці перадалі 200 тысяч. 315 тысяч пайшло на прызы, а астатнюю суму пара прысвоіла сабе.

Супраць затрыманых завялі крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Маці хлопчыка з Гродна, якому дапамагалі збіраць грошы затрыманыя блогеры: Яны перадалі нам 257 тысяч, для нас гэта велізарныя грошы

Былы муж блогеркі, якая разам з 17‑гадовым жаніхом шыкавала на сабранае для хворага дзіцяці, раскрытыкаваў тых, хто гэтыя грошы ёй пераводзіў

Хто тыя 17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая нявеста, якія шыкоўна жылі на мільён, скрадзены са збору на хворае дзіця?

17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая дзяўчына патрацілі на сябе мільён рублёў, сабраны на дабрачыннасць

Каментары да артыкула