Мінскі ГУМ прэзентаваў навагоднія вітрыны
Сёлета ўпершыню ГУМ адмовіўся ад уласнага афармлення вітрын і запрасіў да крэатыву беларускія брэнды. Што атрымалася, ГУМ прэзентаваў учора.
Вітрыны гэтым разам аформілі шэсць папулярных айчынных вытворцаў, піша Onliner.
«Асноўная ідэя — гэта адсутнасць ідэі як такой. Хацелася ўвасобіць святочную атмасферу, сабраць розныя ідэі як па стылі, так і па ўвасабленні. Кожная вітрына адметная, не падобная на іншыя, — патлумачылі задуму ў ГУМе. — Мы далі сцэну для творчасці беларускім брэндам».
Адзінай умовай, якую паставіў універмаг, была наяўнасць ёлачкі ў афармленні.
Самым нечаканым сярод удзельнікаў стала з'яўленне вітрыны «Белмытсэрвісу». Гэта патлумачылі тым, што ў ГУМе замежныя грамадзяне могуць аформіць паслугу Tax Free.
Mark Formelle патлумачыў сваю задуму так:
— У аснову нашай вітрыны легла ілюстрацыя, створаная мастаком-прымітывістам Іллёй Кутабоем спецыяльна для брэнда. Дарэчы, менавіта гэтая ілюстрацыя будзе выкарыстана на святочных навагодніх скрынках, падарункавых пакетах і ярлыках навагодніх мадэляў адзення. Калабарацыя з мастаком створана для тых, хто захапляецца мастацтвам, шукае натхненне ў прыродзе і не баіцца выйсці за звыклыя рамкі», — тлумачаць у Mark Formelle.
«Вітрыны ГУМа — гэта сімвал свята і ўпрыгожанне горада. Камусьці яны падабаюцца, камусьці — не, але абыякавымі яны дакладна нікога не пакідаюць», — адзначыла кіраўнік аддзела маркетынгу ГУМа Галіна Губіч.